Фатографы, якія зайздросцяць птушкам


Бадай, гэта першая выстава менскіх краявідаў, зробленых з квадракоптэра. Аўтары – тры маладыя фатографы Арцём Прадко, Дзмітрый Важнік і Вячаслаў Мазай. Здымкі з вышыні называюць сваім хобі, але яны ўжо прынеслі ім вядомасць – у інстаграмах хлопцаў тысячы падпісантаў. Уласна таму бібліятэка сама прапанавала ім зладзіць выставу да Дня гораду. Дарэчы, фота Вячаслава Мазая перамагала ў конкурсе «National Geographic» і будзе апублікаванае ў часопісе. Здымаць з паветра ён марыў даўно, у студэнцтве нават сам канструяваў лятальныя прылады. І вось апошнія пару гадоў дроны сталі даступныя.

Вячаслаў Мазай, фатограф: «Можна стоячы на адным месцы абляцець вялікую плошчу і выбраць той ракурс, які патрэбны. І зверху горад увогуле па-іншаму глядзіцца – нейкія геаметрычныя фігуры бачацца ў будынках, у парках, у дарогах. Зайздросціш птушкам, калі лётаеш, глядзіш».

Больш як трыццаць здымкаў былі зробленыя цягам года. Для гэтага хлопцы прачыналіся перад світанкам і чакалі заходу сонца, адкрываючы для сябе нечаканы Менск.

Дзмітрый Важнік, фатограф: «Ну, вядома ж, фотагенічны ў нас цэнтр гораду. Але ў прынцыпе нават спальныя раёны, якія з зямлі выглядаюць зусім непрэзентабельнымі, з паветра можна пабачыць зусім інакш».

Трапіць на выставу можна з квітком на аглядную пляцоўку бібліятэкі, які каштуе 2 рублі.

Іншыя тэмы: пленэр у Качановічах правялі пінскія мастакі, каб захаваць для нашчадкаў выгляд вёскі. На вуліцы Кастрычніцкай зʼявяцца новыя графіці ў рамках фестывалю «Vulica Brasil». Музычны праект у арыгінальным жанры ад Віктара Лупасіна.

Сяргей Будкін, Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, belsat.eu