Дом з БЧБ-плотам размалявалі свастыкамі. Уласнікі падазраюць сілавікоў

Гэтым разам здымачная група «Маю права» накіравалася ў пасёлак Дроздава, што пад Менскам. Тут з сям’ёй жыве грамадская актывістка Вольга Беляўцова.

Уначы першага снежня ў доме спрацавала сігналізацыя. Муж спадарыні Вольгі падышоў да акна і пабачыў двух невядомых мужчынаў. У іх адразу запыталі: што яны робяць на прыватнай тэрыторыі?

«Я пачула такі скрыпучы голас старога чалавека. Я памятаю лаянку, – прыгадвае падзеі той ночы спадарыня Вольга. – Людзі павярнуліся абсалютна спакойныя. Сігналізацыя «крычыць». І яны разварочваюцца, і спакойна, як нічога і не адбылося, сыходзяць».

Муж спадарыні Вольгі адразу выбег з пакою.

«Я паглядзела ў акно і пабачыла, куды бягуць гэтыя асобы. Муж пабег уніз апранацца, – распавядае Вольга Беляўцова. – Праз некаторы час я пабачыла, як ён ляціць ракетаю за імі».

Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі

У мужа Вольгі атрымалася дагнаць невядомых.

«У той момант, калі старэйшы мужчына спрабаваў пырскаць фарбаю ў твар мужу, іншы размаўляў па тэлефоне. І тады прагучала характэрная фраза : «Тут аднаго трэба прыняць!» Такі выраз вельмі характэрны для прадстаўнікоў сілавых органаў. Таму мой муж не стаў увязвацца ў гэтую гісторыю, развярнуўся і пайшоў дадому», – узгадвае Вольга.

Калі зранку нашая гераіня адвозіла дзяцей у школу, убачыла, што бел-чырвона-белыя брама і плот размаляваныя свастыкамі. І гэта ўжо не першы выпадак падобнага «мастацтва». Спадарыня Вольга лічыць, што абодва разы ейную маёмасць псавалі адны і тыя ж асобы.

«Почырк адзін і той жа, вельмі падобны. З улікам тых няслушнасцяў, якія зрабіў аўтар выяваў», – кажа спадарыня Вольга.

Выклікаць міліцыю сужэнцы не сталі. І Вольга патлумачыла чаму:

«Мы дапускаем, што гэта яна [міліцыя. – «МП»] і рабіла. Ну, не менавіта міліцыя, а нехта з сілавых органаў або тых, хто карыстаецца іх заступніцтвам. Як заўгодна гэта можна назваць. Для мяне, напрыклад, відавочна, што гэта зрабілі не тутэйшыя».

Беларус прыехаў дадому з Брытаніі, яго затрымалі, палічылі шпіёнам ды моцна збілі

Мы пацікавіліся ў Гары Паганяйлы з Беларускага Хельсінкскага камітэту, што рабіць у такіх выпадках і куды звяртацца.

«Пракуратура на падставе заявы можа выехаць і агледзець месца здарэння, скласці пратакол і прыняць рашэнне: узбуджаць справу або адмовіць, – тлумачыць юрыст. – Яна [справа. – «МП»] будзе накіраваная ў Следчы камітэт, а гэта ўжо не парафія органаў унутраных справаў. Таму каб знайсці тых, хто займаецца гэтым паскудствам, і даць ім як след па руках, але паводле закону, гэта трэба зрабіць».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Жыхары маюць інструмент уплыву на чыноўнікаў
  • У рубрыцы «Ведай свае правы!» – пра камітэты мясцовага самакіравання
  • Акторы гарадзенскага тэатру выбралі шлях свабоды

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Калі СК і Нацбанк скралі ў яго грошы ад «BY_help», з’ехаў у Кіеў

За шпацыр з парасонам затрымалі палову сям’і Міхайлавых

Звольнены з БелАЗу інжынер не спыняе барацьбы

У Наваградку міліцыянты шукалі лялькавода – знайшлі музей

Цырульніца страціла кліентаў-міліцыянтаў

Дзяржаўныя гангстары нападаюць на ўдзельнікаў Лігі студэнцкіх аб’яднанняў

Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»

Нагавіцы – рэальная прычына затрымання гарадзенкі Любові Сарлай