Былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання: «Расея працягвае рэйдарскі захоп Беларусі»


Яшчэ ў 1994 годзе кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся аб ролях, я будзе адыгрываць кожны з актораў палітычнай сцэны былога Савецкага Саюзу. Сённяшняе абвастрэнне двухбаковых стасункаў вынікае з таго, што Лукашэнка больш не жадае прытрымлівацца сцэнару?

Вядоўца праграмы «Размова тыдня» Святлана Калінкіна абмяркоўвае гарачыя тэмы мінулага тыдня з эканамічным экспертам Андрэем Карпуніным і былым дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Сяргеем Антончыкам.

Дзе месца Лукашэнкі?

Жарт пра тое, што Расея гатовая задушыць Беларусь у братэрскіх абдымках, сёння пачынае губляць свой гумарыстычны складнік. Нават сам Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што незалежнасць нашай краіны пад пагрозаю.

«Трэба разумець, што ў 1994 годзе пасля таго, як прэзідэнтам стаў Лукашэнка, адбыўся рэйдарскі захоп Беларусі. Ужо тады гэта пачалося. Наш саюз з Расеяй можна параўнаць з сяброўствам Сталіна і Гітлера, калі агульныя парады праводзіліся, ствараліся сакрэтныя пратаколы, як пратакол Молатава – Рыбэнтропа, у якіх былі падзеленыя сферы ўплыву.

Я думаю, што ў 1994 годзе таксама былі такія сакрэтныя пратаколы ўмоўныя – не значыць, што былі недзе нейкія папяровыя рэчы, – дзе была дамова паміж Лукашэнкам і Расеяй, што кожны бярэ на сябе нейкія адказнасці. Лукашэнка павінен разбурыць усё беларускае, зрабіць эканамічную пупавіну, каб намёртва прывязаць краіну да Расеі.

А Расея на сябе брала абавязкі ўтрымліваць гэты рэжым», – выказаўся Сяргей Антончык. Ён упэўнены, што канфлікт Крамля і Менску – толькі спроба нагадаць Лукашэнку пра тое, дзе ягонае месца.

Падатковы манеўр: сапраўдны кошт пытання

Беларускае кіраўніцтва лямантуе – з прычыны падатковага манеўру Расеі мы губляем рэальныя грошы. Называюцца розныя лічбы – ад 310 мільёнаў да 11 мільярдаў долараў. Эксперты і аналітыкі ў задуменні і не могуць адназначна адказаць на пытанне, што першаснае ў новым канфлікце паміж Беларуссю і Расеяй – эканамічныя ці або палітычныя пытанні. Што стала падмуркам для сённяшніх вострых спрэчак?

«Немагчыма рабіць крокі ў палітычнай інтэграцыі, забыўшыся пра эканоміку. У межах Саюзнай дзяржавы было шмат прыгожых словаў аб палітычнай інтэграцыі, сяброўстве народаў, узаемаразуменні. Былі эканамічныя крокі, але ў цэлым праграма не спрацавала.

Цяпер, калі пачаўся новы віток узаемных абвінавачванняў, трэба разумець, што Расея вядзе сваю жорсткую палітычную і эканамічную калі не вайну, то, скажам так, дзейнасць. І ў сваіх кроках яна не грэбуе ніякімі метадамі. Гэта і гандлёвыя войны, і перацягванне коўдры выключна на Маскву, дзе размяшчаецца цэнтр прыняцця рашэнняў. Мы сабе забралі суд, які фактычна не дзее», – патлумачыў эканаміст Андрэй Карпунін.

Лукашэнка змагаецца за Беларусаў ці за сябе?

Аляксандр Лукашэнка досыць адкрыта канфліктуе з расейскім бокам падчас спрэчак аб коштах на энерганосьбіты. Але за што змагаецца прэзідэнт – за дабрабыт беларусаў ці за сваё крэсла?

«Шмат якія людзі кажуць пра тое, што Лукашэнка нешта робіць, змагаецца за нас. А з аднаго боку, калі з Новага года кошты будуць падвышацца і цэны расці, можна будзе заўжды неафіцыйна казаць, што мы не вінаватыя, вінаватая Расея, яна нам падвышае кошты на нафту, на газ і яна як быццам вінаватая.

З другога боку, гэты спектакль вельмі добры для Расеі, бо калі ўся краіна ператвараецца ў дэпрэсіўны раён, то з’яўляецца Мядзведзеў са сваймі прапановамі пра аб’яднанне. Гэткім чынам нам паказваюць, што вы, беларусы, без Расеі не пражывяце», – каментуе сітуацыю спадар Антончык.

belsat.eu