У студыі «Размовы» Уладзімір Мацкевіч і аналітык BISS Вадзім Мажэйка абмеркавалі, з чаго пачынаюцца праблемы нацыянальнай навукі. Высновы несуцяшальныя.
Беларусь мае вельмі сціплыя амбіцыі ў галіне адукацыі. Савецкая школа, якою так доўга ганарыліся ў нашай краіне, даўно страціла ўсю прывабнасць і актуальнасць. У выніку мы цягнемся напрыканцы сусветных спісаў краінаў з найлепшай адукацыяй.
Госць праграмы, аналітык BISS Вадзім Мажэйка, зазначыў: нават па выніках міжнародных тэстаў PISA, якія дапамагаюць вызначыць узровень адукацыі ў школах, беларускія школьнікі не паказваюць выдатных вынікаў. Чым менш маладзёнаў, здатных да якаснага навучання, тым менш поспехаў у айчыннай навуцы.
«Вельмі мала беларускіх дзяцей пераадолела парог, калі яны могуць не толькі чытаць і разумець тэкст, а калі яны могуць браць факты з розных крыніцаў і параўноўваць адзін з адным, атрымоўваць з гэтага нейкія вынікі. Між тым, гэта датычыць асновы інтэлектуальнага чытання», – пракаментаваў Вадзім Мажэйка вынікі даследавання PISA.
Ці не варта змірыцца з нізкімі адукацыйнымі і навуковымі рэйтынгамі? Што нас яднае з Амерыкаю? Як айчынная адукацыя забівае амбіцыі? Пра гэта ды іншае – у праграме «Размова» з Уладзімірам Мацкевічам і аналітыкам BISS Вадзімам Мажэйкам.
Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас.