Гарачы каментар Баксёр вырубіў ціхара – не ведаў, што той з міліцыі


Беларускія праваабаронцы пратэстуюць супраць пераўтварэння міліцыі ў сакрэтную службу, а яе супрацоўнікаў у тайных агентаў. Адмысловай заяваю яны хочуць выступіць супраць злоўжыванняў міліцыянтамі цывільнаю вопраткай. «Пераапрананне» супрацоўнікаў дзеля патрулявання вуліцаў, на думку праваабаронцаў, гэта перавышэнне ўлады і свавольства.

Нагодай для ўзняцця гэтага пытання стаўся суд над Святаславам Барановічам. Супраць яго завялі справу паводле артыкулу «Гвалт і пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў». Пры гэтым, як распавядае сам Барановіч, ён нанёс некалькі ўдараў па невядомых асобах у чорным без апазнавальных знакаў. Усё гэта адбывалася 15-га сакавіка 2017-га года пасля акцыі пратэсту. Тады з тралейбуса міліцыянты ў цывільным з ужываннем сілы выцягнулі прадстаўнікоў анархісцкага руху.

У эфіры «Белсату» праваабаронца Андрэй Бандарэнка заявіў, што міліцыянты, якія пераапранаюцца ў грамадзянскую вопратку, а потым праводзяць затрыманні, «перавышаюць службовыя паўнамоцтвы і ўзурпуюць уладу».

«Вяртанне 37-га года можа абярнуцца не толькі адзеннем кіраўніка МУС, але і больш сур’ёзнымі наступствамі для грамадзянаў», – заяўляе Бандарэнка.

«Закон адзін для ўсіх, а ў сітуацыі ў тралейбусе міліцыянты парушылі заканадаўства і справакавалі канфлікт. І дзякуй богу, што канфлікт скончыўся двума ўдарамі Барановіча, а не стыхійным пратэстам, які б прывёз да смерці аднаго або некалькіх супрацоўнікаў міліцыі», – дадаў праваабаронца.

Поўную размову з Андрэем Бандарэнкам глядзіце ў «Гарачым каментары». Фота – Дар’я Буракіна/TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары