«Калі б ён ударыў, то той быў бы інвалідам!» За абарону актывістаў Барановічу пагражае 4 гады


Чарговае слуханне рэзанансавай справы Святаслава Барановіча. Ён бараніў людзей ад міліцыянтаў у штацкім, калі тыя спрабавалі затрымліваць удзельнікаў акцыі пратэсту супраць «дармаедаўскага» дэкрэту. Пракурор запрасіў для Барановіча чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Летась 15 сакавіка ўсю краіну абляцела відэа, на якім група маладзёнаў жорстка нападае на людзей на прыпынку грамадскага транспарту на плошчы Бангалор. Пазней высветлілася, што гэтак працуе беларуская міліцыя, якая спрабавала затрымаць удзельнікаў акцыі супраць сумнавядомага дэкрэту нумар тры.

«У дадзеным выпадку мы бачым на відэа, што набор нейкіх маладых хлопцаў у трыко і капюшонах накінуліся на дзяўчын і хлопцаў, якія стаялі на прыпынку. Сталі іх збіваць, цягаць у машыны, цягаць за валасы», – кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Сярод тых, хто кінуўся ратаваць людзей, быў баксёр Святаслаў Барановіч, які таксама браў удзел у акцыі пратэсту. Абвінавачанне сцвярджае, што ён нанёс некалькі ўдараў працаўніку міліцыі. Хоць інцыдэнт меў месца ў сакавіку, Барановіча затрымалі толькі ў кастрычніку. Пачаткова на яго завялі справу за «хуліганства», аднак пазней яе перакваліфікавалі на іншы артыкул – «гвалт у дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў».

«Незразумела, чым матываваліся і пракурор, і, між іншым, адвакат пры сваіх прамовах. Там наогул няма ніякай фактуры, яка б цягнула на крымінальны кодэкс. Тое, што патрабуюць такія шалёныя тэрміны – гэта проста здзек над усім беларускім грамадствам», – адзначае лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Барановіча не першы раз прыцягваюць да адказнасці за грамадскую актыўнасць. Раней за ўдзел у Плошчы-2010 яго асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі».

«Псіхалагічна цудоўнейшы чалавек. Вось і ўсё. Што я магу яшчэ сказаць? І яму не месца ў турме. Мала таго, калі яго абвінавачваюць, што ён кагосьці ўдарыў… Калі б ён ударыў, то той быў бы інвалідам!» – распавядае старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання прафесійнага боксу Эдуард Дубоўскі.

Хоць нібыта пацярпелы амапавец Арцём Паўлаў заявіў, што не мае да Барановіча прэтэнзіяў, пракурор запрасіў для падсуднага чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыму. Усяго паводле артыкулу прадугледжана ажно да шасці гадоў. У той жа момант эксперты выказваюць меркаванне, што працэс над Барановічам паказальны.

«Гэта ўсё можна пракаментаваць адным словам – агідна. Гэта абсалютна агідны спектакль, якія яўна паставілі спецслужбы. Сэнс гэтага спектаклю – яшчэ больш запалохаць беларусаў, каб яны нават не баранілі самі сябе», – мяркуе Вячаслаў Сіўчык.

Калі Святаслава Барановіча асудзілі пасля падзеяў Плошчы-2010, яго прызналі палітычным зняволеным. Некаторыя праваабаронцы сцвярджаюць, што ёсць верагоднасць паўтарэння такога сцэнару, асабліва калі пакаранне будзе празмерна жорсткае. Як будзе насамрэч – мы даведаемся 28 лютага, калі, верагодна, абвесцяць прысуд.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Фота – TUT.by