Хто стаіць за пагромамі ў Дагестане?


Як на тэракт у Махачкале і Дэрбенце адрэагавала расейская прапаганда. Падрабязней у праграме «Лукавыя навіны»:

Увечары 23 чэрвеня баевікі напалі на 2 праваслаўныя храмы, 2 сінагогі і пост ДПС у Махачкале і Дэрбенце. Перастрэлкі працягваліся да позняга вечара. Раніцай у Махачкале і Дэрбенце адмянілі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.

Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу па артыкулах аб тэракце, незаконным захоўванні і крадзяжы агнястрэльнай зброі. У выніку падвойнага тэракту загінула звыш дваццаці чалавек. Амаль паўсотні пацярпелі. У Дагестане была абвешчаная трохдзённая жалоба.

Не паспелі ў Дагестане зняць рэжым КТА, як расейскія ўлады і заўсёднікі палітычных ток-шоў на расейскіх тэлеканалах пачалі шукаць вінных. Адным з першых намякнуў на меркаваных вінных у тэракце кіраўнік Дагестану Сяргей Мелікаў. Свой зварот ён апублікаваў у ноч з 23 на 24 чэрвеня.

Дэпутат Дзярждумы ад Дагестану Абдулхакім Гаджыеў быў трохі больш рашучы і адразу сказаў на ўсім нам ужо звыклы гэтак званы «ўкраінскі след».

«Я, як сказаў, за гэтым могуць стаяць спецслужбы Украіны і краін НАТО… Таму што мы развіваем поспех на СВА ва ўсіх франтах, а значыць сітуацыю трэба разгайдаць ўнутры нашай краіны».

Дзіўна, але запярэчыў дэпутату і заклікаў не спісваць унутраныя праблемы на Украіну сенатар Дзмітрый Рагозін.

«А я лічу, што калі мы кожны тэракт, замяшаны на нацыянальнай і рэлігійнай нецярпімасці, нянавісці і русафобіі, будзем спісваць на інтрыгі Украіны і НАТО, то гэты ружовы туман прывядзе нас да вялікіх праблемаў. У чужым воку парушынку бачым, у сваім – бярвяна не бачым. А пара б».

Дарэчы, большасць забітых баевікоў апынуліся людзьмі далёка не беднымі і звязанымі з уладай. Аднымі з першых ідэнтыфікавалі Асмана і Адылу Амаравых – сыноў кіраўніка Сергакалінскага раёну Дагестану. Магамед Амараў узначальваў мясцовую адміністрацыю 14 гадоў, акрамя гэтага быў яшчэ і сакратаром мясцовай ячэйкі Адзінай Расеі. Пасля навіны пра тое, што ягоныя сыны, а яшчэ і пляменнік Абдусамад Амадзіеў удзельнічалі ў тэракце, Асманава з усіх пасадаў звольнілі і затрымалі. Вось толькі ён – не адзіны прадстаўнік улады, які апынуўся замяшаны ў гэтую гісторыю.

Яшчэ ў тэракце ўдзельнічалі «справядліварос» і баец-пачатковец без правілаў. Удзел апошняга ў атацы на храмы і сінагогі прымусіў расейскія ўлады праверыць усе спартыўныя секцыі ў Дагестане на прадмет так званых «спячых ячэек».

Таксама в праграме «Лукавыя навіны»:

  • Ракета над Севастопалем папросту змяніла траекторыю

belsat.eu