Мінчанін стаўся злачынцам за аптэчку ў заплечніку


Сяргей Якімовіч пайшоў на на акцыю пратэсту 10 жніўня 2020 года і ўзяў з сабою аптэчку. Яго супыніў амапавец і загадаў прайсці да аўтазаку для праверкі дакументаў. Упэўнены, што нічога не парушаў, Сяргей спакойна выканаў загад.

Супрацоўнікі АМАПу вырашылі праверыць дакументы і змесціва заплечніка.

«Тут быў бінт, перакіс вадароду, сурвэткі стэрыльныя. Гэта і стала нагодай, каб мяне затрымаць, а потым дапытваць – катаваць, бо «[меў] рэчы, з якімі нельга знаходзіцца на вуліцы»!»

Калі Сяргей апынуўся ў аўтазаку, амапаўцы пачалі здекавацца з яго і пагражаць катаваннямі. «Цытата, прабачце: «Давайте его обоссцым и дубинку в жопу засунем», – узгадвае словы амапаўцаў пацярпелы.

Сяргея затрымалі ды адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менску. Паколькі ў Якімовіча знайшлі пры сабе аптэчку, то яго дапытвалі аператыўнікі. Пацярпелы распавёў пра іхныя метады.

«Паставілі пасярод кабінету на калені, акцэнтуючы ўвагу на тым, што галава мусіць дакранацца да падлогі. Калі галава адрывалася ад падлогі, то мне нагой станавіліся на галаву, каб прыціснуць яе да падлогі. Некалькі разоў спрабавалі тыкаць мяне электрашокерам у вобласць сядалішча», – узгадвае Сяргей.

Мaю прaвa
Збіццё і здзекі з няпоўнагадовых у кастрычніку 2020 года
2021.11.26 19:05

Эксперт нашай праграмы праваабаронец Сяргей Усцінаў лічыць, што ў Беларусі катаванні, гвалт былі не адзінкавыя, а масавыя. Гэта злачынства супраць чалавецтва. А такія злачынствы тэрміну даўніны не маюць.

«Гэта артыкул 128 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – «Злачынствы супраць чалавецтва». Адказнасць паводле гэтага артыкулу – аж да смяротнага пакарання», – падсумоўвае праваабаронца.

Спадар Усцінаў раіць пацярпелым звяртацца да праваахоўных органаў іншых краінаў. У прыватнасці, да праваахоўных органаў Літвы, якія вядуць справы ў межах універсальнай юрысдыкцыі.

Мaю прaвa
Маці збітага міліцыянтамі падлетка напужала сілавікоў
2022.01.07 19:05

У жніўні Сяргей правёў за кратамі 4 дні, пакуль не пачаліся масавыя вызваленні затрыманых. Другі раз яго затрымалі ў лістападзе і асудзілі на 15 содняў. Напярэдадні Дня Волі Сяргея засыпалі позвамі падатковая, КДК і СК. Ён не чакаў, чым гэта скончыцца, а з’ехаў ва Украіну.

Сяргей Якімовіч сутыкнуўся з праблемай, якая напаткала тысячы беларусаў, што шукаюць прытулку ва Украіне: у яго закончыўся тэрмін легальнага перабывання на тэрыторыі дзяржавы-суседкі.

«Што рабіць на дадзены момант, я слаба сабе ўяўляю. Адзінае, на што я спадзяюся, – будуць прынятыя нейкія законы [ва Украіне] або папраўкі, якія дазволяць, няхай з аплатай штрафу за перавышэнне тэрміну перабывання, падаць дакументы і легалізавацца. Каб адчуваць сябе паўнапраўным чальцом грамадства», – спадзяецца наш герой.

Мaю прaвa
Нелегальна праз мяжу ад беларускага «ГЕСТАПА»
2021.12.17 18:35

Ведай свае правы. Каментар Мікалая Рыбытвы

У нашай рубрыцы «Ведай свае правы» каардынатар «Free Belarus Center» Мікалай Рыбытва дае канкрэтныя парады тым, хто перабіраецца ва Украіну, як пазбегчы непрыемнасцяў і не парушаць законаў гэтай краіны. Вось якія адказы на нашыя пытанні мы пачулі.

Колькі дзён грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць легальна жыць ва Украіне?

– Беларусы могуць заставацца ва Украіне 180 з 360 дзён. Важна, што 360 дзён – гэта не каляндарны год. А 360 дзён лічыцца з моманту першага заезду. Калі вы заязджаеце паўторна, і былі папярэднія 180 дзён, то гэта таксама лічыцца.

На якіх падставах можна атрымаць часовы від на жыхарства?

– Гэта вучоба, валанцёрства, уз’яднанне з сям’ёй, г. зн. шлюб з грамадзянінам ці грамадзянкаю Украіны, журналістыка ды асобны пункт – IT. Для беларускіх айцішнікаў асобная праграма і асобная інструкцыя, як легальна працаваць ва Украіне, на сайце belasustoukraine.com.

Пералік падставаў і дакументаў можна знайсці на сайце «Free Belarus Centre» freebelarus.center, таксама на сайце Міграцыйнай службы Украіны dmsu.gov.ua і калі вы журналіст – на сайце часова акупаваных тэрыторыяў minre.gov.ua.

Які тэрмін падачы дакументаў для часовага віду на жыхарства?

– Дакументы для ВНЖ трэба падаць не менш як за 15 працоўных дзён да заканчэння вашага тэрміну перабывання. Варта памятаць, што гаворка вядзецца аб працоўных днях. Таму варта паклапаціцца, каб было дастаткова часу.

Якія арганізацыі надаюць юрыдычную дапамагу беларусам?

– «Free Belarus Center» дае такія кансультацыі. Вы можаце знайсці інструкцыі і запоўніць форму на нашым сайце.

Ёсць такія ўкраінскія арганізацыі, якія дапамагаюць беларусам з прававой абаронай. Гэта «Восток SOS», Дом правоў чалавека ў Чарнігаве. Важна, што гэтыя арганізацыі дапамагаюць з часовым жытлом і гуманітарнай дапамогай.

Што рабіць, калі перавышаны тэрмін легальнага перабывання?

– Калі пратэрмінаванае легальнае перабыванне ва Украіне (больш за 180 дзён) або не працягнулі ВНЖ, то давядзецца сплаціць штраф, выехаць з Украіны на 180 дзён і заязджаць наноў. Таксама важны момант – прапіска. Пасля атрымання віду на жыхарства на працягу 30 дзён вам неабходна прапісацца. Калі вы гэтага не зробіце, давядзецца сплаціць штраф ад 1700 да 5000 грыўняў.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.