Кубінца год трымалі на Акрэсціна як быдла


Рабэрта Касануэва распавёў «Маю права», як рэжым Лукашэнкі няпраўна ўтрымліваў яго 13 месяцаў за кратамі, даў 15 содняў і дэпартаваў з Беларусі. Сілавікі схапілі Рабэрта, калі разганялі пратэстоўцаў. Ці шкадуе пра нешта наш герой?

Рабэрта Касануэва цяпер жыве ў Літве. Ён 31 год пражыў у Беларусі. Нашая краіна стала для яго другой радзімай, «такім жа родным месцам, як Гавана».

«У 91 годзе я прыехаў у Беларусь, уз’яднаўся з сямʼёй. На Кубе я ажаніўся на беларускай дзяўчыне, там у мяне нарадзілася старэйшая дачка. Яны прыехалі ў 1990 годзе сюды, а я далучыўся да іх у 1991-м».

Hавiны
Дэпартаванага з Беларусі кубінца эвакуявалі ў Літву
2022.01.08 12:44

Пасля падзей жніўня-2020 Рабэрта не змог застацца абыякавым да лёсу Беларусі і беларусаў. Нічога не рабіць для яго было раўнаважнае самому стаць пасіўным суўдзельнікам падману ды гвалту.

«З свайго боку я зрабіў усё што змог: пісаў, казаў, выходзіў на мітынгі, маляваў постары – усё. Усё, што ў маіх сілах. На жаль, гэтага мала, я больш не паспеў», – кажа Рабэрта.

8 лістапада 2020 года мужчына быў затрыманы на адной з пратэставых акцыяў.

«Я проста стаяў на ходніку, курыў цыгарэту, на мне не было ніякіх атрыбутаў, сцягоў, апазнавальных знакаў. Я быў чарговым мінаком, які стаяў на вуліцы, не парушаючы парадку. Каля мяне спынілася калона аўтазакаў, адтуль выйшлі амапаўцы і пачалі зацягваць усіх запар, у тым ліку і мяне» – узгадвае спадар Касануэва.

Падчас затрымання супрацоўнікі АМАПу білі затрыманых дубінкамі па спіне і нагах. Людзей прывезлі ў Партызанскі РАУС, дзе Рабэрта аформілі не для высвятлення асобы, як спачатку заявілі, а як удзельніка несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Са словаў Рабэрта, затрыманых было каля 150 чалавек. Іх не перавялі ў камеры, а ўтрымлівалі ў сутарэннях пастарунку. Мужчына мяркуе, што «гэта было зроблена спецыяльна, каб паказваць валанцёрам, што нікога не затрымлівалі». На Акрэсціна трапілі толькі каля трох гадзінаў ночы.

Мaю прaвa
У жніўні 2020 года жодзінскія канваіры мацюкаліся і клялі амапаўцаў
2021.11.12 19:05

Рабэрта пакаралі 15-дзённым адміністратыўным арыштам.

«Плюс анулявалі від на жыхарства, плюс дэпартацыя. Не дэпартацыя, у мяне было напісана ў пастанове «высылка». Высылка і дэпартацыя – гэта абсалютна розныя тэрміны. Мне далі пастанову аб высылцы, а пасля года і месяца – прынялі дэпартацыю. Гэта значыць, яны самі парушалі чарговы раз закон. Яны ўпісалі адно, зрабілі іншае», – тлумачыць мужчына.

У ІЧУ Касануэва правеў 1 год і 1 месяц. Мужчына так апісвае ўмовы ўтрымання ў ізалятары: «Замежнікі, якія трапляюць на Акрэсціна, утрымліваюцца як быдла, яшчэ горш за скаціну. Бо быдла выгульваецца кожны дзень, а нас выгульвалі, калі ўспаміналі. А памяць у іх дрэнная, таму калі хацелі, тады выгульвалі». Найгоршае стаўленне было менавіта да палітычных, адзначае наш суразмоўца.

У лютым мінулага года Рабэрта захварэў: «Дрэнна пачуваўся, бронхі балелі, тэмпература, кашаль». Але супрацоўнікі ізалятару адмовілі яму ў медычнай дапамозе. «Таму не ведаю, хварэў на «карону» цi не хварэў».

Артыкулы
У сеціве з’явіліся фота ўтрымання «палітычных» на Акрэсціна
2021.07.26 16:33

Тэрмін дэпартацыі Рабэрта Касануэва складае 3 гады, таму бліжэйшым часам у яго наўрад ці зʼявіцца магчымасць наведаць Беларусь. Вяртацца ж на радзіму мужчыну таксама небяспечна. На Кубе такая ж самая дыктатура, але памножаная на 10 ці нават на 50.

Рабэрта вымушаны ўладкоўвацца ў Літве. Але нягледзячы на ўсе выпрабаванні ён кажа, што ні пра што не шкадуе і прайшоў бы праз усе гэта зноў, бо важней за ўсё быць шчырым з самім сабой.

Рабэрта цёплым словам згадвае беларусаў: «Выдатная нацыя, светлыя людзі, файныя, добрыя, спагадлівыя».

Мaю прaвa
Які суддзя найбольш адданы Лукашэнку?
2021.10.15 17:50

Эксперт нашай праграмы Кірыл Кафанаў адказаў на шэраг пытанняў, якія датычаць правоў грамадзянаў замежных краінаў.

На пытанне, ці могуць пазбавіць віду на жыхарства за ўдзел у масавым мерапрыемстве, спадар Кірыл адказаў, што ануляванне гэтага дакументу ажыццяўляецца паводле шэрагу прычын, такіх як: непраўдзівыя звесткі пры падаванні на ВНЖ, перабыванне на тэрыторыі РБ недастатковую колькасць дзён, а таксама пасля здзяйснення аднаго адміністратыўнага правапарушэння. Рабэрта ж атрымаў паўторнае пакаранне за адно і тое ж правапарушэнне, а гэта – парушэнне закону, бо ў адпаведнасці з арт. 1.4 АПК РБ ніхто не можа быць паўторна прыцягнуты да адказнасці за адно і тое ж парушэнне.

Да жніўня 2020 года наяўнасць сямʼі, дзяцей і маёмасці ў замежніка мела важнае значэнне, бо ўсё гэта паказвала трывалую сувязь грамадзяніна іншай краіны з Беларуссю.

Праваабаронца таксама патлумачыў розніцу паміж высылкай і дэпартацыяй.

Высылка, як і дэпартацыя, – гэта выдварэнне за межы Рэспублікі Беларусь замежнага грамадзяніна. Дэпартацыя часцей за ўсё прызначаецца, калі ў іншаземца няма законных падставаў для далейшага перабывання ў краіне ці за парушэнне некаторых артыкулаў КаАП РБ. Дэпартацыя можа быць як дабравольнай (па хадайніцтву грамадзяніна), так і прымусовай. Працэс дэпартацыі рэгламентуецца «Палажэннем аб парадку дэпартацыі замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства».

Высылка прызначаецца судом за некалькі адміністратыўных праварапарушэнняў на працягу года. Таксама чалавек можа быць высланы, калі ён уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, правам і свабодам грамадзянаў, здароўю насельніцтва і г. д.

Тэрмін высылкі можа быць ад паўгода да 10 гадоў.

Правы замежнікаў рэгулююцца шэрагам міжнародных дакументаў. Напрыклад, ёсць Канвенцыя аб абароне правоў усіх працоўных мігрантаў і іх семʼяў. Але канкрэтнага дакументу, які б абараняў правы замежных грамадзянаў на міжнародным узроўні, няма. Такія пытанні, як правіла, рэгулююцца нацыянальным заканадаўствам розных краінаў.

Спадар Кірыл распавёў, што рашэнне аб высылцы можна абскардзіць у вышэйшых міграцыйных інстанцыях, а менавіта ва ўпраўленні грамадзянства і міграцыі. Наступная інстанцыя – суд, калі суд не стане на бок пазоўніка, то пазоўнік будзе абавязаны выканаць рашэнне аб высылцы.

Працэдура абскарджання прыпыняе рашэнне аб высылцы, і на ўвесь час працэдуры грамадзянін замежнай дзяржавы мае права заставацца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не трапляючы пад санкцыі з боку дзяржавы. Але трэба памятаць, што пакінуўшы краіну да вынясення рашэння па абскарджанні, іншаземец страчвае магчымасць вярнуцца.

Па заканчэнні паловы тэрміну прызначанай высылкі замежны грамадзянін мае права напісаць хадайніцтва аб скарачэнні тэрміну высылкі, каб хутчэй трапіць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum