Дзевяць сілавікоў напалі на адну пенсіянерку


63-гадовую Алену Гнаўк у Берасці называюць мясцовай Нінай Багінскай. Рэпартэры «Маю права» сустракаюць яе на платформе, куды прыбыў электравік Баранавічы – Берасце. Жыве жанчына за 100 кіламетраў ад абласнога цэнтру, але з 12 жніўня не прапускае аніводнае акцыі.

Першы раз яе затрымалі 4 кастрычніка, калі на калону мірных пратэстоўцаў у Берасці наляцеў АМАП.

«Ведаеце, я стаю, у мяне і боль, і расчараванне… Думаю: дык колькі ж мы будзем бегаць, што ж яны робяць!? – прыгадвае той дзень спадарыня Алена. – І я не ведаю, нейкая сіла мяне штурхнула пад гэты бусік, я выскачыла насупраць гэтых амапаўцаў, падняла два пальцы ды крыкнула: «Жыве Беларусь!»

Мaю прaвa
Пенсіянерку падазраюць у тэрарызме
2021.01.22 19:05

Месца традыцыйнага збору перад мірнымі маршамі ў Берасці – кінатэатр «Беларусь», што месціцца на пешаходнай вуліцы Савецкай. Спадарыня Алена кажа, што яе затрымлівалі ледзь не на кожным скрыжаванні гэтай вуліцы. Апошні раз пенсіянерку схапілі адразу дзевяцёра невядомых у балаклавах. З-за такой пазнавальнасці сярод сілавікоў нашая гераіня вымушаная заўсёды мець з сабою рэчы на выпадак затрымання:

«Як правіла, два яблыкі, каб штосьці было пажаваць, бутэлечка з вадою, шкляначка і ручнічок. У нядзелю гэта іншыя рэчы – дадаецца трошкі, бо шанцаў быць затрыманай крыху больш».

Гісторыі
Алена Гнаўк: Калі б мне сказалі, Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб’юць, я б усё роўна выйшла
2020.12.22 07:57

За адстойванне ўласных правоў Алена Гнаўк прыцягвалася да адказнасці адзінаццаць разоў! Паводле пратаколаў, пенсіянерка адседзела 32 дні, шмат содняў заставалася ў СІЗА проста ў чаканні судоў, а штрафаў атрымала на 120 базавых велічыняў.

«На сённяшні дзень у мяне засталося 50 базавых велічыняў. Гэта ўжо будуць вылічваць у мяне з пенсіі», – удакладняе спадарыня Алена.

Цяпер жа спадарыня Алена – падазраваная ў крымінальнай справе за перакрыццё скрыжавання ў Берасці. Суды ўжо распачаліся, але нашая гераіня не губляе гумару.

«Я засмяялася, кажу: «О, хлопцы, да гэтага часу мы нашага нелегітымнага сальём!» Дык ён у ступар стаў, той следчы, і не ведае, што гаварыць».

Мaю прaвa
Не віталася з працаўнікамі СІЗА – змясцілі ў карцар на 17 дзён
2021.02.12 19:05

Пенсіянерка ад імя беларускага народу прапанавала прадстаўнікам сістэмы пакаяцца або рыхтавацца да Гаагі.

«Некаторыя прыйшлі адказы, што пакідаюць без увагі. А некаторыя пераслалі мае паперы ў Ленінскі РАУС Берасця».

Зінаіда Міхнюк з Берасцейскага прафсаюзу РЭП раіць дакументаваць усе сведчанні парушэння закону:

«Прысуды трэба абскарджваць кожны раз, каб пасля перамогі мы маглі прыцягнуць да адказнасці вінаватых у перавышэнні сваіх паўнамоцтваў. Да міжнародных судоў дайсці. Мы ведаем, што гэта доўга, але разумеем, што гэта будзе вельмі дзейсна – улады гэтага баяцца».

Мaю прaвa
Берасцейца з БЧБ-валасамі затрымлівалі сем разоў
2021.01.29 19:05

Карэспандэнты «Маю права» праводзяць Алену Гнаўк на ейны электравік. Тры гадзіны да Берасця і назад для яе даўно ўжо звыклая справа. На развітанне з намі яна кажа:

«Ну хтосьці ж, сябры мае, павінен выходзіць, хтосьці павінен паказаць, што ён не баіцца ўлады, затрыманняў, што мы ёсць – і мы не згодныя!»

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Ізалятары часовага ўтрымання не прымаюць перадачаў
  • Жыхарцы Століна ў міліцыі разблакавалі ды сапсавалі тэлефон
  • Пра тое, ці даваць логін ад сваіх прыладаў, у рубрыцы «Ведай свае правы!»

Праваабарончую праграму «Маю права»глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.