Кароткая спадніца зрабіла беларускамоўным


Актор-купалавец Алесь Малчанаў выратаваў нашага вядоўцу, які мала не забіўся падчас язды на веласіпедзе. А яшчэ Алесь патлумачыў на прыкладзе, як можа выглядаць лагодная беларусізацыя – і чаму гэта патрэбна.

Алесь Малчанаў граў у такіх кінастужках, як «Акупацыя. Містэрыі», «У жніўні 44-га…», «Зорка Венера», «Жыве Беларусь», «Масакра» ды іншых. Таксама ён агучвае для «Белсату» пераклады фільмаў. Акрамя таго, ён знаўца ровараў і аматар беларускай мовы.

Алесь Малчанаў лічыць, што нельга недаацэньваць важнасці беларускай мовы для беларусаў. Ён мяркуе, што русіфікацыя беларусаў – свядомая палітыка ўладаў, скіраваная на аслабленне беларускага грамадства.

«Я думаю, яны [улады – belsat.eu] мэтава неяк гэта робяць. Не ведаю, хто там за гэта [за ажыццяўленне русіфікацыі – belsat.eu] адказвае, чаму яны гэта робяць. Ну, можна паразважаць, чаму: каб выбіць у беларусаў глебу. Таму што мова – яна дае моц. Нашыя карані робяць нас моцнымі, калі мы іх ведаем, калі цікавімся. Думаю, што з гэтае прычыны», – дзеліцца Алесь.

Алесь Малчанаў дапаможа нашаму вядоўцу направіць веласіпед, распавядзе пра працу ў тэатры, пра тое, як пабароць хваляванне падчас выступу на публіцы, а таксама – якое значэнне мае беларуская мова і як ён сам зрабіўся беларускамоўным.

Традыцыйна гледачоў чакаюць разнастайныя моўныя цікавінкі і навамоднае слоўца.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Да рэчы, новага вядоўцу праграмы Віктара Шукеловіча вы маглі бачыць у праграме «Вяскоўцы».