Расія рыхтуецца да нападу бруднай бомбай


Сяргей Нарышкін узяўся за старое і зноў пачаў палохаць Расею ды ўвесь свет бруднай ядравай бомбай, якую спрабуюць стварыць ва Украіне. Падрабязней – у праграме «Лукавыя навіны»:

Яго чарговую заяву з гэтай серыі працытаваў у праграме «Кто против?» на тэлеканале «Россия» Дзмітрый Кулікоў.

«Кіраўнік СЗВ Сяргей Нарышкін заявіў, што маеццца інфармацыя, якая сведчыць пра магчымы працяг Кіевам працы над стварэннем бруднай ядравай бомбы. Яе выкарыстанне будзе мець наступствы для ўсяго насельніцтва экасістэмы Усходняй Еўропы і Паўночнага Прычарнамор’я».

А вось гэта ўжо наўрад ці. Нарышкін пра брудную ядравую бомбу заяўляў яшчэ ў чэрвені 2023-га і папярэджваў свет пра катастрафічныя наступствы.

«Зыходзім з таго, што магчымае прымяненне ЗСУ бруднай ядравай бомбы будзе мець найцяжэйшыя наступствы для жыцця ды здароўя ўсяго насельніцтва і экасістэмы Усходняй Еўропы, уключаючы дзяржавы Еўразвязу і Прычарнаморʼя».

Па-першае: «Брудная» бомба па сваім вызначэнні не ядравая. Гэта, па сутнасці, звычайная боегалоўка, начыненая радыёактыўнымі рэчывамі. Гэта значыць, ядравага выбуху пасля дэтанацыі не адбываецца.

Па-другое: існаванне такой зброі выклікае шмат сумневаў. У выніку выбуху гэтай «бруднай» бомбы« не адбываецца ні значных разбурэнняў, ні імгненнага знішчэння жывой сілы праціўніка. Эфект ад выкарыстання такой зброі можна параўнаць з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паўстане зона, непрыдатная для жыцця на працягу многіх гадоў.

Ніякай тактычных выгодаў у вайне гэта не прынясе, а ў выпадку вайны з ужываннем супраць суседняй дзяржавы створыць рызыку заражэння ўласнай тэрыторыі.

Таксама ў праграме «Лукавыя навіны»:

  • Пяскоў усынавіў сына Парашэнкі

Фота: Dmitry Golubovich / Russian Look / Forum

belsat.eu  / Авер