Беларус першым распавёў свету пра Салаўкі


Серыя «Лабірынтаў» распавядзе пра тое, што ні пры якой сітуацыі нельга супрацоўнічаць з д’ябальскаю сілаю спецслужбаў, неабходна нават цаною жыцця маральна захавацца.

Францішак Аляхновіч, якога падманам запрасілі ў Савецкую Беларусь, быў знакамітым тэатральным рэжысёрам і драматургам, пачынальнікам айчыннага тэатру. Расказвае тэатразнаўца Аляксей Стрэльнікаў:

«У 1920-х гадах мара пра беларускую культуру, пра беларускамоўную культуру сапраўды зрабілася рэалістычнаю. Тая палітыка беларусізацыі, якая праходзіла ў БССР, вядома, вельмі натхняла людзей па-за межамі. І Францішка Аляхновіча, які марыў пра беларускі тэатр, не трэба было вельмі моцна ўгаворваць».

Блізкі сябар, празаік Максім Гарэцкі, імкнецца вырваць Аляхновіча з лапаў ГПУ. Рызыкуючы сваім жыццём, арганізоўвае масавыя лісты беларускай інтэлігенцыі – першай беларускай петыцыі, якая пратэстуе супраць гэтага арышту.

«Вядома, што Францішак Аляхновіч у свой час уратаваў жыццё Максіму Гарэцкаму, які быў працаўніком газеты «Звязда»: схаваў яго ў сябе ў кватэры. Пра гэта праз дзесяць гадоў згадваў сам Гарэцкі. Таму ён і ратаваў свайго ратавальніка, які сядзеў у засценках ГПУ», – адзначае гісторык Аляксандр Пашкевіч.

У зняволенні Аляхновіч з некалі наіўнага чалавека ператвараецца ў барацьбіта і разумее, што трэба рабіць, каб змагацца супраць гэтай сістэмы, як ёй супрацьстаяць.

Таксама ў праграме «Лабірынты»:

  • Беларускае палітычнае жыццё Вільні 1920-х, і які кошт заплаціў за гэта Аляхновіч;
  • Дзіўны ліст Францішка Аляхновіча сямʼі;
  • Чаму першая кніга пра Салаўкі не выйшла на мове арыгіналу.

Belsat.eu