Беларусы абдурылі вартавых і пракраліся на пазіцыю


Кажуць, што беларусы – коцікі. Менавіта за катоў вартавыя прынялі двух каліноўцаў, якія краліся паўз іх ноччу. Як беларусы абдурылі вартавых і на якую пазіцыю яны пракраліся, распавёў ваяр батальёну «Літвін» з пазыўным Хутар.

У Беларусі Хутар быў грамадскім актывістам. Ратуючыся ад рэпрэсіяў, ён з’ехаў у Польшчу ў 2021 годзе.

«Я цвёрда вырашыў, што трэба з’язджаць, бо трэба зарабляць грошы і карміць сямʼю, як бы ў нас там ні было. Таму я з’ехаў у Польшчу. У Польшчы я ўжо быў на пачатку красавіка 2021 года і займаўся тым, чым займаўся апошнія сямнаццаць гадоў, – працаваў на будоўлі», – распавядае Хутар.

З пачаткам поўнамаштабнага расейскага ўварвання Хутар паехаў добраахвотнікам ва Украіну. Тут ён спярша думаў запісацца ў Грузінскі легіён, але яго як беларуса скіравалі ў батальён Каліноўскага. Пазней батальён разросся, і яго падзялілі на два батальёны, «Волат» і «Літвін», якія разам складаюць полк Каліноўскага. Хутар апынуўся ў батальёне «Літвін».

Жаўнер распавёў, як вайна змяніла ягоны светапогляд і ягонае стаўленне да людзей. Што здзівіла нашага героя ў першыя дні ўварвання? Чаго найбольш не хапае байцам падчас вайны? Якія кур’ёзныя сітуацыі здараюцца на фронце? Пра гэта вы даведаецеся з новага выдання «Ваяроў».

«Хацелася б пажадаць беларусам не толькі стаць вольнымі, але і адчуць гэтую свабоду. Бо, нягледзячы на тое, што ва Украіне ідзе вайна, калі размаўляеш з украінцамі, разумееш, што ў іх свабода ўсярэдзіне. Я б хацеў пажадаць беларусам таксама адчуваць гэтую свабоду – і адчуць, і прыйсці да яе», – звярнуўся да землякоў Хутар.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Полк Каліноўскага / Facebook