Як коцікі сталіся сімвалам пратэстаў у Беларусі ды эмігруюць разам з гаспадарамі


Яны могуць быць мілымі кампаньёнамі, а могуць – бязлітаснымі бясшумнымі забойцамі з халоднай зброяй і прыборамі начнога бачання. Яны даўным-даўно побач з намі, але – самі па сабе. Яны захапілі інтэрнэт і свабодна ходзяць у кабінеты прэзідэнтаў. Сённяшняе «Глабальнае пытанне» пра коцікаў – хатніх гадаванцаў, якім людзі дапамаглі скарыць практычна ўсю планету.

Чорныя, белыя, дымчатыя і паласатыя, лысыя і пухнатыя – па ўсім свеце жыве больш за 700 млн самых розных хатніх катоў, прычым большасць з іх не мае дому, а жыве на дварэ. Усе яны паходзяць ад катоў дзікіх, але даўно і канчаткова прыручыліся. І гэта быў доўгі працэс.

«Напрыклад, падчас росквіту Рымскай імперыі каты былі большымі за сучасных беспародных катоў, а ў Сярэдневеччы, напрыклад, у 10 стагоддзі каты былі значна меншымі за сучасных», – распавядае доктар біялагічных навук з Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Леанід Гарабэц.

Леанід Гарабэц спецыялізуецца на палеанталогіі жывёлінаў – іх вывучэнні на падставе выкапаных рэштак.

Глабальнае пытанне
Як даследаваць генетычны код беларусаў?
2022.10.11 17:12

Памятаеце, у «Глабальным пытанні» пра Нобэлеўскую прэмію мы распавядалі пра палеагенетыку – вывучэнне генаў старадаўніх жывёлінаў.

«Што сапраўды падштурхоўвае нашую працу – гэта цікаўнасць. Можна рабіць археалагічныя раскопкі, каб даведацца пра мінулае. А мы капаем у геноме», – тлумачыў справу свайго жыцця Нобэлеўскі лаўрэат Свантэ Пээба, заснавальнік палеагенетыкі.

Дзякуючы палеантолагам і генетычнаму аналізу стала вядома, што каты пачалі жыць побач з чалавекам не ў Старажытным Егіпце з усімі яго сфінксамі і пірамідамі, а значна раней. Бо на Кіпры ў Міжземным моры знайшлі каціныя рэшткі ўзростам 10 тысячаў гадоў. Як тлумачаць адмыслоўцы, катоў людзі пачалі прыручаць, калі ад палявання і збіральніцтва перайшлі да аграрнага ладу жыцця.

«Людзі пачалі рабіць свірны, у іх было зерне. Адпаведна, у чалавечых пасяленнях з‘явілася шмат грызуноў, і грызуны да сябе прыцягнулі катоў. Паступова каты і людзі прызвычаіліся адно да аднога», – распавядае Леанід Гарабэц.

«З усіх сёння жывых жывёлаў тады – 10 тысячаў гадоў таму – яны былі найменш агрэсіўныя адносна чалавека, найменш пужлівыя. Канешне, яны адамашніліся, бо ёсць сховішча, дах і ежа», – тлумачыць зоапсіхолаг Сяргей Клачко.

Усё гэта – у абмен на ахову сабранага ўраджаю ад шкоднікаў

«Паводле ацэнак ААН, да 25% ураджаю знішчаюць грызуны. Гэта каласальныя стратыі», – нагадвае адмысловец.

У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў каты зрабіліся абавязковымі чальцамі камандаў на караблях – каб пацукі не згрызлі і не сапсавалі прыпасаў. Гэтак, ідэальныя драпежнікі рассяліліся па ўсіх кантынентах і выспах, што сталася сапраўднай пагрозай для іншай жывёлы.

«Вядомы выпадак, калі цэлы від крапіўніка – дробных птушак – быў знішчаны адной адзінай коткай на выспе. Цалкам знік цэлы від пад уплывам адной коткі. Апроч таго, каты знішчылі яшчэ некалькі відаў птушак», – распавядае Леанід Гарабэц.

Як той казаў, навукоўцы б‘юць трывогу. Сёлета Акадэмія навук у суседняй Польшчы класіфікавала ХАТНІХ катоў як «інвазійны від» і пагрозу біялагічнай разнастайнасці. Бо калі яны лазяць на прыродзе, то за год па ўсім свеце забіваюць мільярды птушак, казюрак, рэптыліяў і дробных звяроў – проста так, дзеля забавы.

«Ён драпежнік, ловіць мышэй, птушак. На нашым гаўбцы на 7-м паверсе ён злавіў ужо 4 птушкі. І адабраць немагчыма», – распавядае пра свайго ката беларуская журналістка Любоў Лунёва.

Гэта беларускі кот-эмігрант Генрых, яму 5 гадоў, цяпер жыве ў Варшаве. Як бачна, коцік не галадае, а палюе дзеля спорту. Мы яшчэ распавядзем яго гісторыю.

У дэмакратычных краінах правы катоў ды іншай хатняй жывёлы абароненыя – нельга проста так іх забіць ці здзекавацца з іх. А дзе кепска з правамі чалавека, там і жывёле цяжка. Напрыклад, у Кітаі катоў доўга вырошчвалі дзеля скуры на вопратку. А кашаціну і сабачаціну – то бок мяса – там дагэтуль можна знайсці на рынку.

«Нават у нашыя дні ў некаторых краінах трымаюць больш катоў, у некаторых менш. Напрыклад, у Вугоршчыне катоў трымаюць значна менш, чым у Славаччыне, Румыніі і Польшчы», – распавядае доктар біялагічных навук.

Чым больш людзі жывуць у гарадах, тым больш заводзяць катоў, а не сабак. Гэтак, напрыклад, каты перамагаюць у Японіі – самай урбанізаванай краіне свету.

«Немалаважны фактар для некаторых людзей тое, што кот не патрабуе гуляць на вуліцы. Пакарміў, паставіў пластыкавы туалет у пэўным месцы, і жывёлы жывуць у цябе дома, ты з імі маеш стасункі», -тлумачыць зоапсіхолаг Сяргей Клачко.

Коцікі моцна прысутнічаюць у нашай культуры, і не заўжды ў добрай ролі. Раней людзі баяліся чорных катоў, звязваючы іх з нячыстай сілай. А сучасныя міфы і страхі – што людзі нібыта любяць катоў пад уплывам паразітаў у крыві, таксаплазмы.

«Сапраўды, каты зʼяўляюцца такім рэзервуарам таксаплазмозу. Але вельмі папулярная гіпотэза, што таксаплазмоз нібыта змяняе паводзіны чалавека, не атрымала пацверджання і сёння аспрэчваецца ў навуковых колах», – кажа доктар біялагічных навук Леанід Гарабэц.

Але чалавечыя справы дакладна адбіваюцца на хатняй жывёле. У выніку санкцыяў і разрыву эканамічных сувязяў у Беларусі практычна знікла ежа для катоў і сабак з Еўразвязу і Украіны. Гаспадарам даводзіцца купляць расейскія заменнікі, а яны даражэйшыя і горшай якасці. Асабліва цяжка катам з алергіяй і хваробамі.

Спадарства, прыйшоў час пазнаёміць вас з суаўтарам «Глабальнага пытання». Гэта Лебоўскі, карэнны гарадзенец, коцік з цяжкім лёсам. Ён баіцца дамафону, грукату ў дзверы і незнаёмых людзей. На жаль, на гэта былі прычыны.

Лебоўскаму давялося эміграваць з Беларусі ў Польшчу. Яму ўжо купілі квіток на самалёт Менск – Варшава, з камфортным месцам у пасажырскім салоне. Але ў той самы дзень Аляксандр Лукашэнка загадаў прымусова, з баявой авіяцыяй пасадзіць самалёт Афіны – Вільня, што ляцеў над Беларуссю. Бо на борце былі апазіцыйныя блогеры Раман Пратасевіч і Соф‘я Сапега, а Лукашэнка хацеў пасадзіць іх у турму.

У выніку Еўразвяз разарваў авіяцыйнае злучэнне з Беларуссю, а Лебоўскі ляцеў з Менску ў Варшаву ажно праз Стамбул – у багажы.

Няпросты лёс і Генрыха – ката журналісткі Любові Лунёвай. У 2020-м побач з іх домам у Менску выбухалі шумавыя гранаты і гучалі стрэлы міліцэйскіх драбавікоў. Да іх дадому не раз прыходзілі з ператрусамі кадэбісты. У выніку давялося з’ехаць, каб не трапіць у турму.

«А кату яшчэ больш складана. Бо ў ката мусіць быць два паспарты. Адзін агульнаграмадзянскі каціны паспарт беларускі, і другі – міжнародны», – смяецца журналістка.

Пераехалі ў Кіеў – і тут пачалася адкрытая фаза вайны Расеі супраць Украіны, сапраўдны кашмар для ўсіх. Людзі з гадаванцамі ўцякалі або хаваліся пад зямлю.

«Мы тут літаральна праз 15 хвілін пасля першых выбухаў. Бо яны былі вельмі блізка ад нашага дому… У нас ва ўсіх разбоўтаная нервовая сістэма, нават каты баяцца гукаў», – распавядала журналісткам жыхарка Харкава Анастасія, якая перасялілася ў метро.

«Калі бамбілі Кіеў, то была праблема з бамбасховішчамі, і мы пайшлі ў падвал…

І вось сядзяць такія догі, старажавыя сабакі, нейкія таксы. У людзей у пераносках каты, былі каты проста на павадку», – прыгадвае Любоў Лунёва.

У бамбасховішчах каты і сабакі дапамагаюць людзям спакойней перажыць стрэс вайны.

«Адкуль жывёлы ведаюць, што ў бамбасховішчы трэба сядзець ціха, а на вуліцы давалі сабе волю?» – здзіўляецца Любоў Лунёва.

Але і самі яны цяпер перажываюць моцны стрэс.

«Калі ёсць сірэны, ідзе бамбаванне, ці нейкая сітуацыя з моцным стрэсам у жывёлы, неабходнае нейкае сховішча. Пакой, напрыклад, лазенка ці кладоўка, дзе няма вокнаў, каб менш гукаў было чутно»,– тлумачыць зоапсіхолаг Сяргей Клачко.

Ва Украіне жывёліны зрабіліся сімваламі нязломнасці і супраціву агрэсіі. У тым ліку сабака Патрон, які працуе сапёрам; кот, які выжыў у разбомбленай Барадзянцы; і янот, якога расейцы скралі з Херсону.

У Беларусі коцікі таксама сталіся сімвалам супраціву. Мастачка Вольга Якубоўская малюе герояў беларускай мірнай рэвалюцыі і палітвязняў у выглядзе катоў, каб падтрымаць людзей маральна і каб ад продажу можна было ахвяраваць штосьці ў дабрачынныя фонды. Сілавікі Лукашэнкі канфіскоўваюць гэтыя малюнкі падчас ператрусаў, лічаць іх небяспечнымі.

«Гэтую фразу: беларусы – коцікі, у іх лапкі і когцікі – я пачула пасля таго, як першая праца была зробленая. Насамрэч мы ўсе пасля жніўня 2020 былі ў страшнай траўме. І кожны з нас выбіраўся неяк па-свойму. Для мяне гэта было пачаць працаваць»,– распавядала Вольга Якубоўская.

Чаму людзі любяць катоў і сабак? Чаму выдаюць вялізныя грошы на корм, на ветэрынараў? Чаму рызыкуюць, але вывозяць сваіх гадаванцаў з зоны баявых дзеянняў? Адказ, магчыма, пафасны, але просты.

«Любоў тлумачыць гэта ўсё. Людзі любяць не толькі адзін аднога. Яны любяць сваіх жывёлаў і не здраджваюць іх», – падкрэслівае Сяргей Клачко.

«Белсатаўцы» таксама людзі. А гэта – нашыя каты, якія дапамагаюць нам пісаць навіны на старонку Belsat.eu і ствараць сюжэты для тэлевізійных навінаў, дапамагаюць рабіць усё, каб вы маглі атрымаць найважнейшую інфармацыю.

Хто б ні жыў у нас удома, кот, сабака ці зялёны папугай, найважнейшае – заставацца чалавекам.