Сілавікі сапсавалі машыну бізнесоўца, каб той разбіўся ў аварыі?


Бізнесовец Алесь Стральцоў падзяліўся з «Маю права» сваімі падазрэннямі. На ягоную думку, беларускія сілавікі распрацавалі аперацыю, каб забіць яго: стварылі падстаўную фірму на ягонае імя і сапсавалі падвеску ягонага аўтамабіля.

Бізнесовец з Менску Алесь Стральцоў быў вымушаны пакінуць краіну ў студзені 2022 года.

Алесь кажа: тое, што цяпер адбываецца ў нашай Беларусі, мела месца ўсе гады кіравання Лукашэнкі. Спадар Стральцоў згадвае свае цяжкія прыгоды напрыканцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў.

«Мяне збівалі. Мяне садзілі некалькі раз падчас нашага беларускага Майдану 2006 года. Выводзілі з аўтобусаў, праводзілі праз так званы калідор, калі збівалі, пасля ў калідоры ставілі «на расцяжку», – узгадвае ён.

І ў тагачаснай практыцы былі як фізічныя, так і маральныя катаванні ў дачыненні затрыманых з палітычных матываў.

«Я проста поўз па падлозе. Я запаўзаў у камеру. Таму што нагамі я ўжо не мог», – расказвае пра страшныя хвіліны свайго жыцця Алесь.

Мaю прaвa
Судмедэкспертка: прыходзілі людзі настолькі збітыя, нібыта яны выйшлі з канцлагеру
2022.02.04 19:05

10 студзеня 2008 г. спадар Стральцоў браў удзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у цэнтры Менску, разагнанай уладамі. І быў асуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 2 гады за «арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Тады Алеся прызналі палітзняволеным. Найбольшая колькасць цяперашніх палітвязняў асуджаныя ці застаюцца пад следствам паводле гэтага ж артыкулу.

Са словаў Алеся, «палітычныя чысткі», якія цяперака разгарнуліся ў Беларусі, пачаліся ў нашай краіне значна раней. Проста большасць насельніцтва на іх не зважала.

«З 2000-х гадоў вельмі часта даводзілася сустракацца з момантам, калі тэлефанавалі і казалі, што такога-то трэба звольніць… КДБ і ўся ўлада наменклатурная, натуральна, не была да мяне спрыяльная і лічыла мяне ворагам», – кажа спадар Стральцоў.

Мaю прaвa
Бізнесовец адкрыў схему гандлю пасведчаннямі ў КДБ
2021.10.29 18:05

Але сёлета заганная практыка рэпрэсіяў і ціску на грамадзянаў дасягнула надзвычайнага ўзроўню. У хаду ідуць любыя брудныя метады. Алесь сцвярджае, што спецслужбы спрабавалі на платформе «Google Business Profile» ствараць акаўнты ад ягонага імя.

«Бачу, што гэта нейкая вельмі сумнеўная кантора, а папраўдзе кажучы, нагадвае махлярскую. Таму што ў іх рэйтынг – каля нуля, адна зорка з пяці магчымых. Людзі скардзяцца, што яны ім абяцалі знайсці працу і «кінулі», працу не знайшлі. То бок гэта нейкая падстава!» – тлумачыць бізнесовец.

Лагічным развіццём падзеяў стала тое, што ў аўтамабілі Стральцова падчас паездкі адмовілі сістэмы кіравання. Напярэдадні каля аўтамабіля круціліся «ці міліцыянты, ці нейкія незразумелыя дарожныя службы».

Цяпер Алесь Стральцоў – у бяспецы ва Украіне. І збіраецца развіваць медыйныя праекты, накіраваныя на станоўчыя змяненні ў Беларусі.

Мaю прaвa
Нелегальна праз мяжу ад беларускага «ГЕСТАПА»
2021.12.17 18:35

Эксперт нашай праграмы Павел Левінаў звяртае ўвагу на парушэнне правоў грамадзянаў у сферы найму на працу. І адказвае на пытанні нашых гледачоў, як можна супрацьстаяць незаконнаму і палітычна матываванаму звальненню. Дае свае парады аб стасунках з кіраўніцтвам, падпісаннем кантрактаў, прыцягненнем афіцыйных прафсаюзаў да абароны правоў працоўных. Таксама тлумачыць, якім чынам і да якіх міжнародных арганізацыяў можна звярнуцца беларусам, каб абараніць свае працоўныя правы.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.