Як Ларыса Геніюш схавала архівы БНР і перахітрыла КДБ

Ларыса Геніюш, першая беларуская дысідэнтка і вялікая паэтка, якая прайшла сталінскія лагеры і не зламалася, на схіле гадоў піша ўспаміны. КДБ вельмі цікавіцца гэтым, бо лічыць, што там ёсць інфармацыя пра архівы БНР. Да яе прыязджае сын Юрка, але чаму нашая гераіня яму не давярае? Чаму ў кожным бачыць агента? Даведаемся ў новай серыі «Лабірынтаў».

Ларыса Геніюш – адна з самых значных беларускіх паэтак. Падчас ІІ сусветнай вайны выйшаў ейны паэтычны зборнік «Ад родных ніў», у якім натхняла беларусаў быць рыцарамі. У 1948 годзе ейнага мужа Янку Геніюша арыштавалі, да 1956 года былі ў лагерах. Вярнуліся з мужам у Зэльву, дзе і жыла да самой смерці. Ларыса Геніюш не прыняла савецкага грамадзянства, была пад сталым наглядам КДБ. У канцы 1970-х яна піша ўспаміны, якія пазней будуць мець назву «Споведзь» – балючы аўтабіяграфічны твор пра непрыняцце савецкай рэчаіснасці. Рукапіс твору патаемна вынес беларускі археолаг Міхась Чарняўскі.

«Міхась Чарняўскі здаўна ведаў Ларысу Геніюш і прасіў яе, каб яна напісала ўспаміны пра сваё пакутлівае жыццё. У 1982 годзе сарваўся з раскопак і паехаў да яе ў госці. Яна амаль з парога ўручыла яму рукапіс. Ён адразу здагадаўся, што гэта. Хуценька выйшаў з хаты і паўз сцяну дому, каб не бачыў КДБ, будынак якога быў насупраць, праз агароды, праз платы, выйшаў на дарогу, прагаласаваў і прывёз у Менск, адразу з парогу аддаў мне рукапіс, сказаўшы: «Хавай яго дзе-небудзь, каб ніхто не бачыў». Я схавала яго пад бялізну, у шафе, і многа год рукапіс там і праляжаў», – згадвае спадарыня Святлана, жонка Міхася Чарняўскага.

Міхась Чарняўскі адрэдагаваў рукапіс Ларысы Геніюш, аддаў яго ў часопіс «Маладосць», а пасля ўжо выйшла асобная кніга. Савецкія спецслужбы нездарма цікавіліся рукапісам паэткі, бо лічылі, што змогуць натрапіць на след архіву БНР, бо Ларыса Геніюш пасля смерці прэзідэнта БНР Васіля Захаркі яна стала генеральным сакратаром БНР, а наступным прэзідэнтам – Мікола Абрамчык.

«Як яна згадвае ў «Споведзі», яны з Міколам Абрамчыкам спакавалі гэтыя архівы і паехалі ў Парыж, дзе жыў Мікола Абрамчык. На гэтым сляды архіваў на гэты момант губляюцца», – адзначае стваральніца Віртуальнага музею савецкіх рэпрэсіяў Валерыя Чарнаморцава.

Адзінае, што цікавіла КДБ на допытах, калі Геніюш трапіла ў іхныя лапы ў 1948-м, – дзе архівы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Таксама ў праграме «Лабірынты»:

  • Ці здолее Юрка Геніюш пераканаць маці, што ён хоча ўратаваць яе і вырваць з кіпцюроў сістэмы?
  • Ці перамогуць у гэтым змаганні нашыя героі?

Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Не сухоты, а жанчыны забілі Багдановіча?

Як беларус забіў расейскага імператара

Скрадзеная «Ева» Суціна вяртаецца

Чаму Сталін хацеў сустрэцца з Купалам, і што яму прапаноўвалі?

Машэраў знішчыў вірус свабоды?

Як Караткевіч змагаўся за нацыянальны блокбастар

Кроў. Масаж. Каханне. Новыя факты жыцця Алаізы Пашкевіч

Куля для КДБ ад Васіля Быкава