Віталь Алейнік: Не трэба здавацца, трэба рабіць усё, што ад нас залежыць


Здымачная група «Маю права» сустрэлася ў Вільні з Віталём Алейнікам.

Віталь Алейнік – жыхар Маладзечна. Яго затрымалі 23 верасня 2020 года ў Менску, у дзень таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі. Атрымаў 15 содняў арышту паводле арт. 23.34. Вымушана выехаў у Літву. Карэспандэнт «Маю права» сустракаецца з Віталём у будынку былой Лукішскай турмы. Наш герой кажа, што абстаноўка тут вельмі нагадвае жодзінскі ізалятар.

«Нас прымалі ў гэтай турме вельмі жорстка, нам сказалі: «Вітаем у лагеры для ваеннапалонных». Адразу людзей раздзелі, агледзелі і сказалі: «Бяжыце па сваіх гэтых камерах!»

Мaю прaвa
Ад звальнення з МТЗ да эміграцыіі
2021.06.04 20:05

Віталь кажа, што ў ізалятары ім не давалі бялізны, таксама не ставала талерак, посуду: хтосьці піў утрох з адной талеркі, хтосьці піў з іншымі з аднаго кубка. Былі і гвалтоўныя дзеянні над арыштаванымі. Адною раніцаю вязняў вывелі з камераў у калідор.

«Мы ў тую раніцу сталі ля сцяны. Ахоўнікі вельмі нечакана для нас сказалі, што калі нехта мае нейкія заўвагі і прапановы, можа іх агучыць, – прыгадвае тыя падзеі спадар Алейнік. – Я аўтаматычна і агучыў: вызваліць незаконна затрыманых людзей, якія тут цяпер. Сяржант паказаў пальцам на мяне, супрацоўнік падышоў і пачаў мяне біць дручком па нагах. Я стаяў з паднятымі ўгару рукамі і нічога не мог зрабіць».

Мaю прaвa
Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»
2021.03.19 19:05

Праз некаторы час міліцыянт уручыў Віталю разбіты мабільны тэлефон. На пытанне, што гэта такое, наш герой атрымаў адказ: «Гэта твой суд!»

«Я даведаўся, што мяне судзяць паводле артыкулу 23.34, частка 1, «Удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Вядома, для мяне гэта было сюрпрызам, бо гэтага не агучвалі. Гэты артыкул у Беларусі выкарыстоўваецца як сродак людзей пасадзіць, калі не трэба нічога абгрунтоўваць».

Суддзя Цэнтральнага раёну Менску Юлія Густыр «улічыла» ўсе змякчальныя акалічнасці, даведзеныя суду Віталём Алейнікам, у тым ліку наяўнасць дзяцей… і прысудзіла максімальна магчымы тэрмін арышту – 15 содняў.

Мaю прaвa
2 гады калоніі далі хлопцу з ментальнаю хваробаю за нібыта кінуты камень у бок сілавікоў
2021.03.05 19:05

Спадар Алейнік лічыць, што сістэма, якая дзеіць у Беларусі, наагул не прававая. Але сустракаюцца людзі, да якіх можна дагрукацца, якіх можна зачапіць нейкімі парушанымі працэсуальнымі момантамі, якія не могуць пераступіць праз сваё сумленне і выносяць больш-менш законныя рашэнні.

«Пракурор абласной пракуратуры, ён ужо не здолеў паставіць свайго подпісу. Відаць, што нейкае сумленне ў яго засталося. Ён выдаў пастанову гэтую справу аднавіць і працягнуць расследаванне майго катавання ў жодзінскім ізалятары. Гэта сапраўды было, напэўна, адзіным законным рашэннем на працягу ўсіх справаў, якія я з ім меў, – кажа спадар Віталь. – Але потым яны выкарысталі захады, каб справы не даводзіць да лагічнага завяршэння і не прыцягваць гэтых усіх злачынцаў, якімі я іх лічу, да адказнасці».

Мaю прaвa
Пакуль жонка была у СІЗА, мужа выслалі з краіны
2021.05.14 20:05

Наш герой выехаў у Літву ў снежні 2020 года на рэабілітацыю, бо ў Беларусі складана атрымаць дапамогу ў медычных установах, звярнуўшыся з «палітычнымі» траўмамі.

У суседняй краіне Віталь падаўся на ўніверсальную юрысдыкцыю:

«Я лічу, што кожны, хто таксама хоча дамагчыся справядлівасці ў Беларусі, мусіць падавацца ў міжнародныя інстанцыі… Ёсць механізмы ў межах універсальнай юрысдыкцыі і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Чэхіі, і так далей. Мы павінны іх выкарыстоўваць. І не трэба здавацца, а трэба рабіць усё, што ад нас залежыць».

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі кажа:

«Існуюць механізмы прыцягнення да адказнасці вінаватых асобаў. Калі на тэрыторыі Беларусі сёння няма справядлівасці, не працуе суд і праваахоўныя органы – гэта не праваахоўныя органы, то беларусам трэба даваць такую надзею, таму гэта першая мэта. І другая мэта – гэта, наколькі магчыма, зафіксаваць доказы, якія існуюць. Чым больш доказаў будзе зафіксавана, тым лягчэй будзе прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых, калі нарэшце сітуацыя ў Беларусі зменіцца і будуць працаваць следчыя органы».

Паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве завялі крымінальную справу за катаванні з боку беларускіх сілавікоў. Віталя Алейніка прызналі пацярпелым.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • З’ехала ў Літву, каб уратаваць дзяцей

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.