Хацеў акупаваць Беларусь, а зробіцца расейскай Ціханоўскай?


Барыс Надзеждзін хацеў акупаваць Беларусь, а цяпер можа стаць расейскім аналагам  Святланы Ціханоўскай? Ці могуць яго зарэгістраваць кандыдатам на «выбары» прэзідэнта Расеі – і што з гэтага беларусам? Атрошчанкаў і Рудкоўскі. Новы «Двубой».

«Паводле самых асцярожных ацэнак, больш за 30 % расейцаў выступаюць за вывад расейскіх войскаў з Украіны. Больш за 60 % баяцца, асцерагаюцца новай хвалі мабілізацыі. У абсалютных лічбах, улічваючы, што апытваліся дарослыя жыхары, – гэта за 30 млн і 60 млн адпаведна. Апроч таго, нікуды не знікаюць сацыяльна-эканамічныя праблемы. Тое самае рэха пенсійнай рэформы, небяспека большай залежнасці ад Кітаю. Вядома, гэтыя асцярогі, праблемы больш так рассеяныя па розных слаях грамадства. Сітуацыя даволі складаная для Крамля. У Пуціна, хутчэй за ўсё, рэйтынг вышэйшы за 50 %, можа, нават значна вышэйшы. Але ў Крамля сур’ёзная праблема, і я думаю, што Барыс Надзеждзін яшчэ больш павялічвае гэтую праблему», – кажа Пётр Рудкоўскі, які лічыць, што Надзеждзін не будзе зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты РФ.

Аналітыка
Казус Ціханоўскай. Прэзідэнцкая кампанія ў Расеі пайшла паводле беларускага сцэнара
2024.01.31 07:34

Аднак Аляксандр Атрошчанкаў ацэньвае Барыса Надзеждзіна як цалкам крамлёўскі праект, параўноўваючы яго з «нігерыйскімі спісамі». Ён кажа, што прадстаўнік расейскай партыі «Грамадзянская ініцыятыва» выконвае дакладна вызначаную мэту: «Я лічу, што ўлады б хацелі зрабіць так, каб падсвяціць усіх незадаволеных у Расеі, але яны таксама апасаюцца, бо ёсць «кейс Ціханоўскай», дзе ўлады відавочна павялі, як яны думалі, слабага, неабіранага кандыдата, дазволілі выехаць з краіны – і відаць, што яны вельмі пралічыліся. І таму я бачу, што расейскае кіраўніцтва таксама страхуецца, такі варыянт. Таму выбраны менавіта такі малапрывабны чалавек, які кажа даволі таксічныя рэчы, які ўбудаваны ў расейскую ўладную канфігурацыю. Ну, ён абсалютна сістэмны чалавек з абсалютным досведам працы з тым рэжымам. Плюс не будзем хаваць слана ў пакоі – Расея дастаткова антысеміцкая краіна, Надзеждзін – габрэй па маці. І таму Пуцін выбраў (і адміністрацыя прэзідэнта выбрала) такога чалавека, каб ён дакладна не стаў новай Ціханоўскай, каб не набраў нават пэўна 15 %».

Чаму «выбары» ў Расеі маюць важнае значэнне і для Беларусі? І ці сапраўды Барыс Надзеждзін зробіцца адным з кандыдатаў на «выбары» прэзідэнта РФ? Глядзіце новае выданне палітычнай праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

  • Аляксандр Атрошчанкаў, сузаснавальнік выдання «Рэформ.бай»
  • Пётр Рудкоўскі, філосаф і палітолаг

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.