Казус Ціханоўскай. Прэзідэнцкая кампанія ў Расеі пайшла паводле беларускага сцэнара


Расейскі палітык Барыс Надзеждзін сабраў неабходны мінімум подпісаў для вылучэння кандыдатам на прэзідэнта, і днямі іх перададуць у Цэнтрвыбаркам. Каб падтрымаць палітыка, грамадзяне стаялі ў вялікіх чэргах, шмат якія сілы заклікаюць за яго галасаваць, што дае падставы лічыць Надзеждзіна адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Вельмі падобна да таго, як было ў Беларусі ў 2020 годзе: «падпісная рэвалюцыя» і Святлана Ціханоўская як адзіная прыдатная альтэрнатыва.

Барыс Надзеждзін.
Фота: BorisNadezhdin / Telegram

60-гадовы Барыс Надзеждзін – не піянер у расейскай палітыцы. Яшчэ ў 1990 годзе яго абралі дэпутатам у падмаскоўным Даўгапрудным, у розны час ён працаваў і на чыноўніцкіх пасадах, і ў прыватных кампаніях.

У 1999 годзе стаўся дэпутатам Дзяржаўнай думы ад ліберальнага блоку – Саюз правых сілаў, быў чальцом камітэту дзяржаўнага будаўніцтва. Пасля першага мандату пераабрацца ў парламент не ўдалося.

У 2011 годзе, калі Надзеждзін быў адным з кіраўнікоў партыі «Правое дело» і ўзначальваў аддзяленне ў Маскоўскай вобласці, ён ступіў на слізкую сцежку «расейскага пытання». Палітык тады заявіў, што «Падмаскоўе – расейская зямля», а ўсе мігранты, якія прыязджаюць у гэты рэгіён, «мусяць станавіцца расейцамі».

Быў скандал. Лідар партыі, бізнесовец Міхаіл Прохараў выступіў супраць нацыяналістычнага развароту арганізацыі, некаторыя паплечнікі нават прапаноўвалі выгнаць Надзеждзіна. Зрэшты, хутка ён пайшоў сам.

Потым былі беспаспяховыя спробы трапіць у Маскоўскую абласную думу і Дзярждуму, абрацца на пасаду губернатара Падмаскоўя. Урэшце, у 2019 годзе Надзеждзін ізноў стаўся дэпутатам у Даўгапрудным, праз два гады яшчэ раз прайграў выбары ў Думу.

Летась Надзеждзін спрабаваў узяць удзел у апошняй перад цяперашняй кампаніі – выбарах губернатара Маскоўскай вобласці, аднак у рэгістрацыі яму адмовілі, бо не сабраў неабходнай колькасці подпісаў муніцыпальных дэпутатаў. У Расеі ёсць такі дадатковы фільтр для непажаданых кандыдатаў.

Барыс Надзеждзін – сталы ўдзельнік палітычных праграмаў на расейскіх тэлеканалах. Яго запрашаюць як памяркоўнага ліберала, часам ён становіцца «хлопчыкам для біцця»: на яго накідваюцца «патрыёты», абвінавачваючы ўва ўсіх грахах. Сам ён тлумачыць паходы да прапагандыстаў жаданнем дагрукацца да свайго гледача.

Летась напрыканцы снежня партыя «Гражданская инициатива» выставіла Надзеждзіна кандыдатам на прэзідэнта. Паводле расейскіх законаў, для рэгістрацыі яму трэба сабраць найменш 100 тысяч подпісаў, прычым не болей за 2,5 тысячы ў адным рэгіёне краіны. Працэс пайшоў пасля афіцыйнай рэгістрацыі ініцыятыўнай групы кандыдата.

Да гэтай стадыі раней не дапусцілі іншай заўважнай асобы – журналістку і колішнюю дэпутатку Ржэўскай гарадской думы ў Цвярской вобласці Кацярыну Дунцову. Яна выступіла за спыненне вайны ва Украіне, дэмакратычныя рэформы, вызваленне палітычных вязняў.

Hавiны
Расейская ЦВК не дапусціла Кацярыны Дунцовай да збору подпісаў на выбары
2023.12.23 14:15

З падобнымі лозунгамі на выбары пайшоў і Надзеждзін. У супольным з палітолагам Кацярынаю Шульман стрыме ён сказаў:

«У сваёй праграме «План Надзеждзіна» я напісаў, што першым указам я вызваляю ўсіх палітычных вязняў, вядома, я маю на ўвазе і Аляксея Навальнага, і Уладзіміра Кара-Мурзу, і Іллю Яшына, і ўсіх астатніх людзей. І ў першы ж дзень я прапаную перамовы і спыненне агню Украіне ды кааліцыі, што падтрымоўвае Украіну».

Нягледзячы на падабенства поглядаў Дунцовай, Надзеждзіну крылаў адразу не падрэзалі. Шульман не выключае, што гэтую праблему Крэмль пакінуў на пазнейшы час:

«Можа, яны пастановяць так: давайце яшчэ перакінем праблему «на потым», хай ён вядзе сваю кампанію, ну, прагаласуе за яго 1,8 %. Скажуць: вось яна, вашая антываенная грамадскасць».

Збор подпісаў за палітыка выклікаў нечаканы ажыятаж. У шмат якіх гарадах утвараліся чэргі ахвочых падтрымаць апазіцыянера. Беларусы маглі злавіць флэшбэкі: з такой «падпісной рэвалюцыі», уласна, і пачалася мірная рэвалюцыя ў нашай краіне ў 2020 годзе.

Раней у каментары расейскамоўнаму праекту «Белсату» «Вось так» Надзеждзін згадаў сваіх прыхільнікаў у Якуціі, вядомай моцнымі маразамі ўзімку:

«Велічэзныя чэргі паўставалі. Ёсць ашаламляльнае відэа: Якуцк, мінус 45 градусаў. На ветры стаяць людзі ў чарзе на дварэ. Гэта проста шалёнае падтрыманне».

Улічваючы, што раней самым значным выбарчым дасягненнем Надзеждзіна была адзіная кадэнцыя ў Дзярждуме і заўважнай папулярнасці ён не меў, можна меркаваць: грамадзяне аддаюць подпісы не ўласна за яго, а за перамены і супраць вайны. Нават улічваючы меркаванні, што Надзеждзін – ухвалены Крамлём апазіцыянер.

У Беларусі ў 2020 годзе галасавалі не за Святлану Ціханоўскую, а за абяцаныя ёю свабодныя выбары з удзелам усіх кандыдатаў, якіх прэвентыўна кінулі за краты.

Збор подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў каля Камароўскага рынку. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Расейскі палітолаг Абас Галямаў бачыць прыкметы таго, што падзеі ў ягонай краіне пойдуць паводле беларускага сцэнара 2020 года.

«Калі Крэмль яго зарэгіструе, а сам Надзеждзін будзе весці кампанію прыкладна гэтак жа, як цяпер, то так і будзе. Ён набярэ болей за Пуціна. Гэта будзе галасаванне не столькі за Надзеждзіна, колькі супраць вайны і вар’яцтва, што дзеецца», – сказаў Галямаў «Белсату».

Суразмоўца сумняваецца, што палітыка зарэгіструюць у якасці кандыдата, бо для цяперашняй улады гэта можа быць небяспечна. Прыклад Беларусі не забыты.

«На прыкладзе Беларусі Крэмль ведае, як яно бывае», – адзначыў палітолаг.

Барыс Надзеждзін.
Фота: BorisNadezhdin / Telegram

Надзеждзін анансаваў, што ў выпадку, калі атрымае адмову ў рэгістрацыі са спасылкаю на «няякасныя подпісы», ён закліча сваіх прыхільнікаў выходзіць на акцыі пратэсту.

«Я не буду заклікаць людзей выходзіць на вуліцу на несанкцыянаваныя мітынгі, бо я падстаўлю людзей, і гэта будзе парушэннем закону. Аднак я магу папрасіць 200 тысяч асобаў падаць заяўку на легальны мітынг. У 150 гарадах краіны», – сказаў палітык на сустрэчы з выбарнікамі, маючы на ўвазе 200 тысячаў сабраных за яго подпісаў.

Пры гэтым Кацярына Шульман не прагназуе такіх жа масавых паслявыбарчых пратэстаў у Расеі, як у Беларусі ў 2020 годзе, у выпадку, калі Надеждзіна ўсё ж упішуць у бюлетэні, а потым намалююць яму нешта кшталту 1,8 %:

«Мне не падаецца, што нашае грамадства ў тым стане, у якім было беларускае грамадства чатыры гады таму, і што пачнуцца нейкія масавыя бунты пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Мы, натуральна, не ведаем, што адбудзецца за найбліжэйшыя два месяцы, можа быць, там што-кольвек яшчэ палопаецца, павыбухае, згарыць, і народнае трыванне неяк знікне, аднак пакуль «вы не тут», як прынята выказвацца ў такіх выпадках».

Акцыя пратэсту ў Менску 30 жніўня 2020 года.
Фота: Вот Так / Белсат

Цэнтрвыбаркам Расеі зарэгістраваў ужо чатырох кандыдатаў на прэзідэнта: дзейнага кіраўніка дзяржавы Уладзіміра Пуціна, а таксама прадстаўнікоў трох парламенцкіх партыяў – Мікалая Харытонова ад Камуністычнай партыі, Уладзіслава Даванкова з «Новых людей» і Леаніда Слуцкага з Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Выбары пройдуць з 15 да 17 сакавіка.

Днямі подпісы за Барыса Надзеждзіна перададуць у ЦВК. Хутка стане вядома, ці рызыкнуць даць шанец апазіцыянеру, як гэта было ў нас з Ціханоўскай (і пра што, імаверна, потым моцна пашкадаваў Лукашэнка), або ў Крамлі пастановяць, што гульні скончыліся.

Аналітыка
Лукашэнка паталагічна нікому не давярае, і гэтым карыстаюцца расейцы
2024.01.09 16:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў