Умовы, пры якіх беларускае вызвольнае войска можа зрынуць рэжым


Беларускае вызвольнае войска – фантастыка ці рэчаіснасць? Ці існуюць варыянты, паводле якіх беларускія ваяры прыйдуць з-за мяжы і скінуць рэжым? Усе магчымыя сцэнары такога кшталту – у выданні ток-шоу «План: Б».

Байцы палка Каліноўскага па-ранейшаму не бачаць іншага шляху зменаў у Беларусі, як толькі зрынуць дыктатара. Пра гэта распавядае госць праграмы Вадзім Кабанчук, намеснік палка імя Каліноўскага:

«Тое, што мы казалі напачатку вайны, тое мы і працягваем думаць. Больш за тое, мы да гэтага рыхтуемся. Каб у нашым бачанні быў іншы сцэнар зменаў у Беларусі, мы б на гэтым не настойвалі».

Не лічыць утопіяй вызваленне краіны беларускім войскам і вайсковы эксперт Аляксандр Алесін:

«Такое войска не фантастыка, мы ведаем прыклады, калі нават невялікія групы людзей, у якіх была ідэя, якія былі апантаныя сваёй мэтаю, зрыньвалі грамадскі лад цэлай дзяржавы».

Каб зрэалізаваўся такі сцэнар у Беларусі, спадар Алесін называе шэраг умоваў: трэшчына ва ўладзе – людзі на высокіх дзяржаўных пасадах, якія сваймі дзеяннямі ці іхнай адсутнасцю спрыялі б уваходу вызвольнага войска. Таксама неабходная велізарная грамадская падтрымка. Ні першага, ні другога пункту ў Беларусі цяпер няма, – мяркуе адмыслоўца.

План: Б
Батальён Каліноўскага рыхтуе свой план адхілення Лукашэнкі ад улады
2022.05.18 14:05

Грамадскі дзеяч Аляксандр Апейкін у студыі ток-шоу «План: Б» разважае, што вызвольнае войска – толькі адзін са складнікаў магчымых зменаў у Беларусі. Умовамі перамогі над рэжымам адмыслоўца сярод іншых называе значныя поспехі ЗСУ на фронце і працу з беларускім падполлем. Неабходныя і дыпламатычныя поспехі дэмакратычных сілаў Беларусі, якія прыцягваюць увагу саюзнікаў і дамаўляюцца з імі.

«Сітуацыя павінна скласціся такім чынам, што ў самой Расеі некалькі дзён ці тыдзень павінна быць не да Беларусі», – упэўнены адмыслоўца. Пры такіх умовах створыцца акно магчымасцяў для зменаў у Беларусі.

Колькі можа каштаваць утрыманне беларускага вызвольнага войска? Што рабіць, калі Пуцін у Беларусі выставіць свае палкі? Чаму Аляксандр Алесін лічыць немагчымым наступ беларускага войска на Украіну? Чаму не аб’ядналі намаганняў полк Каліноўскага і полк «Пагоня»? Ці мае Сяргей Кароткіх дачыненне да палка Каліноўскага? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні глядзіце ў праграме.

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

belsat.eu