Выхавальніца дзіцячага садку Ірына Панфіленка некалькі разоў пазбегла пакарання ад рэжыму Лукашэнкі, бо за яе заступаліся беларусы. Калі зрабілася зусім небяспечна, яна выслізнула з-пад самага носа суседкі са Следчага камітэту.
Гэты выпуск «Маю права» мы здымалі ў Вільні, менавіта сюды ад крымінальнага пераследу збегла наша гераіня Ірына Панфіленка.
Спадарыня Ірына – у мінулым выхавальніца дзіцячага садочку ў Мазыры. Яе звольнілі з працы пасля падзеяў 2020 года. Першы раз спадарыню Панфіленку затрымалі, калі яна наставіла тэлефон, каб зняць, як міліцэйская машына ездзіла па бульвары і затрымлівала людзей. Зняць тады яна нічога не паспела.
Яе і яшчэ трох чалавек затрымалі і адвезлі ў РАУС, дзе жанчыне стала кепска, яе забрала хуткая. Дактары ў шпіталі далі паперу, што жанчыне нельга быць ва ўмовах ізалятару, і яе адпусцілі. Пасля гэтага выпадку нашу гераіню хацелі звольніць з працы, але бацькі выхаванцаў дзіцячага садка пайшлі адстойваць Ірыну ў адміністрацыю.
Наступны раз спадарыню Панфіленку затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Забралі каля паліклінікі ды павезлі дадому на ператрус.
«– Вы ведаеце, за што вас затрымалі?
Я паняцця не маю, смяюся сяджу.
– Вы сур’ёзна не ведаеце?
Я кажу, што сурʼёзна не ведаю.
– А дзе вы былі 17 кастрычніка?
Думаю, Божа, я не памятаю, дзе я ўчора была, а тут 17 кастрычніка. Усё, забіраюць тэлефон, планшэт, прывозяць у Следчы камітэт, і пачаўся допыт. Пра сцяг… Я кажу, які сцяг? Я ўжо і не памятаю нават.
– Ну, у нас ёсць відэа, мы знялі на відэакамеру. Мы вельмі доўга вас шукалі», – узгадвае тыя падзеі жанчына.
17 кастрычніка спадарыня Ірына ішла да крамы і не далёка ад свайго падʼезду, убачыла чырвона-зялёны сцяг, які валяўся на зямлі, жанчына павесіла палатно на сметніцу побач і пайшла па сваіх справах. Калі праз 15 хвілін яна вярнулася дамоў, палатна на сметніцы ўжо не было. Менавіта гэта было зафіксавана на відэа. Як высветлілася пазней, у адным двары з жанчынай жыла супрацоўніца Следчага камітэту, і менавіта з яе дому і вялася відэаздымка.
Пасля допыту спадарыня Ірына была затрымана на 72 гадзіны, якія яна правяла ў ІЧУ. Умовы для палітычных у ІЧУ Мазыра нічым не адрозніваюцца ад Акрэсціна: адсутнасць матрацаў, падушак і коўдраў.
Праз 72 гадзіны правялі яшчэ адзін допыт, гэтым разам у пракуратуры, пасля чаго жанчыну адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, забраўшы ў яе адзенне, у якім яна была, калі наткнулася на сцяг.
Двойчы спадарыні Ірыне тэлефанавала следчая, правярала, ці ўдома жанчына.
«Следчая патэлефанавала раніцай, таксама спытала, ці я дома, але я сказала, што я з мамай. А мама наогул прыехала проста па сваіх справах. Але калі я сказала, што я з мамай, яны вырашылі, што я, магчыма, буду ўцякаць кудысьці. І яна мне адразу тут жа кажа: «Прыходзьце ў тры гадзіны ў Следчы камітэт, мы змянілі меру стрымання. І з рэчамі», – вось як узгадвае трэцюю тэлефонную размову са следчай наша гераіня.
Жанчына адразу патэлефанавала свайму старэйшаму сыну Юрыю і спытала, што ёй рабіць далей, на што атрымала адказ: «Мама, 10 хвілін табе на роздумы і 30 хвілін на зборы».
Жанчына вырашыла ўцякаць з Беларусі.
Сузаснавальнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак падзяліўся з намі сваім меркаваннем наконт уцёкаў з-пад крымінальнага пераследу. Спадар Стрыжак упэўнены, што «калі ў чалавека няма дакладна вызначанага ідэалагічнага напрамку, што ён павінен сесці, што гэта ягоная мэта, ягоны план, то тады трэба выязджаць», бо чалавек на волі можа зрабіць нашмат больш.
«Палітвязень – гэта вялікая эканамічная нагрузка на вашую сям’ю і на профільныя арганізацыі дапамогі. Турма – гэта месца, дзе вам не дадасца здароўя, і пасля, калі вы будзеце з яе выходзіць, трэба будзе аднаўляць гэтае здароўе, калі гэта яшчэ магчыма», – тлумачыць Андрэй Стрыжак.
Пасля ўцёкаў Ірыны яе яшчэ доўгі час шукалі ў Беларусі, прыязджалі ў вёску да маці, пыталі суседзяў, сяброў. Як потым даведалася жанчына, яе абвінавацілі паводле артыкулу 370 КК РБ («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).
«Апаганьванне дзяржаўнай сімволікі… у нас у Канстытуцыі або Крымінальным кодэксе не прапісана, абраза дзяржаўнай сімволікі – гэта што менавіта? Для мяне да гэтага часу гэтае пытанне адкрытае. Як я абразіла яе, гэтую сімволіку?» – здзіўляецца наша гераіня.
Наш эксперт Алег Агееў патлумачыў нам асноўныя пытанні аб крымінальнай адказнасці за здзек з дзяржаўных сімвалаў, расказаў, як дзейнічае заканадаўства ў іншых краінах свету, як мае вызначацца ступень адказнасці за такое парушэнне і ці варта чакаць справядлівага прысуду ад беларускага суда.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 18:10 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.