Зяленскі як персанаж балады Аркадзя Куляшова

Я не ведаю, ці вучаць сёння ў сярэдняй школе балады Аркадзя Куляшова пра камсамольскі білет. У мае часы, вядома, вучылі.

Цвёрда трымаўся юнак на дапросе,

Тоячы словы і думкі свае.

Вораг-жандар дакурыў папяросу

І камсамольскі білет аддае.

– Вось і білет твой, – сказаў ён ласкава, –

І ад яго на вачах у людзей

Ты адцурайся; выгодная справа:

Жыць застанешся, – жыццё даражэй.

Уласна кажучы, паводзіны прэзідэнта Украіны ў гісторыі са збітым іранскімі сіламі супрацьпаветранай абароны самалётам у дакладнасці нагадвала паводзіны куляшоўскага юнака. Колькі можна было трымацца – трымаўся, хоць ты яго забі. Ужо ўсё выказаліся, уключна з прэм’ер-міністрам Канады, але Уладзімір Зяленскі чакаў доказаў таго, што вінаватым бокам быў Іран.

І, як мы ведаем, дачакаўся.

Ці ён прайграў, вытрымаўшы такую працяглую паўзу? За час яго маўчання сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце літаральна разрываліся ад абурэння. А Зяленскі маўчаў.

Мяркуючы з усяго, выйграў.

Паспрабуем ўсвядоміць прычыны гэтага маўчання.

Hавiны
Іран афіцыйна прызнаў, што вайскоўцы выпадкова збілі ўкраінскі самалёт
2020.01.11 09:06

Па-першае, дзейнічаў ён відавочна па аналогіі з уласнымі ж паводзінамі ў гісторыі з імпічментам Доналда Трампа. Там ён таксама маўчаў і вытрымліваў паўзу, што дазволіла яму не здзейсніць найважнейшую у яго палітычнай кар’еры геапалітычную (прабачце мімавольную таўталогію) памылку. Думаецца, заакіянскі «дзядзечка» такія паводзіны мусіў ацаніць, і ў будучыні пэўныя дывідэнды Украіна ад гэтай паўзы атрымае. Чакаць нядоўга: хутчэй за ўсё, да перавыбрання Трампа на прэзідэнцкую пасаду. А яно, як здаецца, не за гарамі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ускладае кветкі ў памяць пра ахвяраў катастрофы самалёта рэйса PS752 Міжнародных авіяліній Украіны. Аэрапорт «Барыспаль» 9 студзеня 2020 года. Фота HANDOUT / Reuters / Forum

Па-другое – а што заставалася рабіць прэзідэнту краіны, які курыруе расследаванне гібелі свайго самалёта на чужой тэрыторыі? Вінаваціць гэтую тэрыторыю? Але тады быў шанец не тое, што доступу да «чорных скрыняў» збітага самалёта не атрымаць – наагул апынуцца ў ідыёцкай сітуацыі, калі б Іран змог прадставіць доказы таго, што ён не вінаваты. Украіна, у рэшце рэшт, не Канада, з якой попыт невялікі. Нажываць на пустым месцы ворага, які валодае іранскімі рэсурсамі, афіцыйнаму Кіеву відавочна не хацелася.

Фрагмент самалёта Міжнародных авіяліній Украіны, які пацярпеў катастрофу 8 студзеня ў Іране. Фота Mazyar Asadi / Zuma Press / Forum

Акрамя таго, памыліліся Зяленскі – і тыя, хто цяпер голасна абвінавачваў яго ва ўсіх грахах за маўчанне, абвінавачвалі б яго ўжо за памылку, за несамастойнасць у меркаваннях – ну і т.п. А так – сумленне чыстае, доказы віны іранскага боку атрыманыя ад саміх віноўнікаў – прычым адносіны з Іранам не сапсаваныя. Чаго яшчэ варта дамагацца ў такой складанай сітуацыі, калі паслізнуцца на бананавай кажуры, зрабіўшы няправільны крок, вельмі не хочацца? Маўчы – за разумнага сыдзеш!

А тут і сысці за разумнага было зусім не складана. Проста, як гаварылася ў бессмяротным рамане Сомэрсэта Моэма «Тэатр», трэба было вытрымаць паўзу.

Бортправаднікі рэйса PS752 Міжнародных авіяліній Украіны. На фота Марыя Мікіцюк, Кацярына Статнік і Ігар Маткоў. На борце было 176 чалавек, усе пасажыры і члены экіпажа загінулі. Фота Pavlo_bagmut / Zuma Press / Forum

Вяртаючыся ж да балады Куляшова, варта заўважыць: яе герой выбірае быць жыўцом замарожаным, але не даць адказ на патрабаваны ворагамі пытанне. У палітыцы ледзяны спакой – вельмі каштоўная якасць. Зяленскі прадэманстраваў яго наяўнасць у дадзенай сітуацыі, за што яго можна і трэба пахваліць. Пахвалім. Хай падыдзе да палічкі і возьме пернік. Ужо можна расслабіцца.

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў