Іран афіцыйна прызнаў, што вайскоўцы выпадкова збілі ўкраінскі самалёт


Прэзідэнт Ірану Хасан Рухані назваў збіццё ўкраінскага самалёта трагічным інцыдэнтам і катастрафічнай памылкай. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што вінаватыя ў трагедыі будуць пакараныя, а блізкія загінулых атрымаюць кампенсацыю, паведамляе прэсавая служба прэзідэнта Ірану.

«У атмасферы пагрозаў і запалохвання з боку агрэсіўнага амерыканскага рэжыму іранскай нацыі пасля смерці генерала Касэма Сулеймані і дзеля абароны ад магчымых нападаў амерыканскай арміі, узброеныя сілы Ірану былі прыведзены ў стан поўнай баявой гатовасці, што, на жаль, прывяло да гэтай жудаснай катастрофы, якая забрала жыцці дзясяткаў нявінных людзей», – адзначаецца ў заяве прэзідэнта Ірану Хасана Рухані.

Рухані выказаў спачуванні блізкім загінулых і заявіў, што даручыў прыняць усе захады дзеля кампенсавання іх сем’ям.

«Міністэрства замежных справаў будзе ажыццяўляць поўную консульскую супрацу з мэтай выяўлення і вяртання целаў загінулых у іх сямʼі», – адзначыў Рухані.

Фрагмент самалёту Міжнародных авіялініяў Украіны, які пацярпеў катастрофу 8 снежня ў Іране. Фота Mazyar Asadi / Zuma Press / Forum

Паводле прэзідэнта Ірану, расследаванне будзе працягнутае, каб высветліць усе прычыны трагедыі, прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

«Неабходна прыняць захады дзеля ліквідавання недахопаў сістэмы абароны краіны, каб падобная катастрофа больш ніколі не паўтарылася», – сказаў Хасан Рухані.

Раней Генштаб узброеных сілаў Ірану прызнаўся, што вайскоўцы ненаўмысна збілі «Боінг» авіякампаніі «Міжнародныя авіялініі Украіны». Здарэнне адбылося, паводле вайскоўцаў, таму, што самалёт ляцеў непадалёку ад зоны вайсковых аперацыяў.

Пасажырскі самалёт рэйсу PS752 украінскай авіякампаніі МАУ разбіўся ў небе над Тэгеранам 8 студзеня. Загінулі ўсе 176 чалавек, якія былі на борце.

Абноўлена
Авіякатастрофа пад Тэгеранам – галоўнае пра крушэнне ўкраінскага самалёта
2020.01.08 07:10

СК belsat.eu

Стужка навінаў