Зяленскі сваёй прэс-канферэнцыяй пабіў рэкорд Лукашэнкі. І гэта не канец


Прэс-марафон Уладзіміра Зяленскага. Фота: Анна Лысун, belsat.eu

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас свайго прэс-марафону 10 кастрычніка пабіў усе вядомыя рэкорды ранейшых прэсавых канферэнцыяў.

Размова ўкраінскага кіраўніка з журналістамі, якая пачалася а 10-й раніцы, на момант публікацыі матэрыялу яшчэ не была скончаная, то бок ужо перавысіла 12 гадзін.

Зяленскі распавёў, што думае пра падабенства з Лукашэнкам

Дагэтуль першынство належала кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які сёлета 1 сакавіка адказваў на пытанні журналістаў 7 гадзін 23 хвілін. У яго ж быў і папярэдні рэкорд, усталяваны ў 2015 годзе, – 7 гадзін 10 хвілін.

У тройку сусветных лідараў паводле працягласці прэс-канферэнцыяў таксама ўваходзіць кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін, які ў 2008 годзе размаўляў з прэсай 4 гадзіны 40 хвілін.

Самая доўгая ў свеце прамова выйшла з вуснаў былога кіраўніка Кубы Фідэля Кастра. У 1986 годзе ён выступаў перад чальцамі Камуністычнай партыі 7 гадзін 10 хвілін.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары