1 студзеня 2021 года стаў для беларусаў 146-м днём пратэстаў і днём, калі людзі зноў сабраліся разам, у сваіх дамах і дварах, запускалі феерверкі і танчылі. І кожны загадаў сваё жаданне на гэты год. Людзі і далей патрабуюць сыходу Аляксандра Лукашэнкі, спынення і расследавання гвалту з боку сілавікоў.
«Мы ведаем, што нам ужо не трэба нікому нічога даказваць – мы ўжо даказалі ўсё, што хацелі. 2020-ы стаў годам, калі мы перасталі маўчаць і вышлі са сваіх дамоў.
І мы ідзем далей. […]
Жадаю нам заставацца такімі ж шчырымі, адкрытымі і неймавернымі. Жадаю нам яшчэ больш моцы, нашым родным – здароўя, нашым сэрцам – супакою і веры. Жадаю, каб у новым годзе ўсе, каго нам так не хапае, вярнуліся дадому», – пажадала Святлана Ціханоўская.
На два рублі павялічыцца базавая велічыня. Раней яна складала 27 рублёў, а з 1 студзеня вырасла да 29 рублёў. Адпаведна вырастуць і прывязаныя да яе тарыфы, а таксама і штрафы.
З новага года адбылося павелічэнне пенсійнага ўзросту. З 2021-га мужчыны змогуць выйсці на пенсію ў 62 гады, а жанчыны – 57 гадоў і 6 месяцаў. У наступным годзе мужчыны будуць выходзіць на пенсію з 63 гадоў, а жанчыны – з 58.
Таксама з новага года выезд за мяжу прыватным аўтам будзе платным. Мясцовыя органы ўлады могуць уводзіць збор памерам да трох базавых велічыняў – 87 рублёў.
З 1 студзеня аплату аўтамабільнага падатку кантралюе падатковая. Усім уладальнікам транспартавых сродкаў падаткавікі раз на год будуць дасылаць паведамленні з патрабаваннем аплаты, памер якой залежыць ад масы аўтамабіля і складзе ад 61 да 223 рублёў.
У 2020 годзе «SOCAR Trading» ужо паставіў у Беларусь каля аднаго мільёна тон нафты «Azeri Light», а таксама іншых сартоў нафты. Па наяўнай інфармацыі, у 2021 годзе аб’ёмы пастаўкі нафты на беларускія НПЗ могуць быць такімі ж ці нават больш.
У Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці 1 студзеня адбылося ДТЗ з удзелам легкавіка і маршрутнай таксоўкі, у выніку загінулі двое няпоўнагадовых. Кіроўца аўтамабіля «Škoda» не даў рады з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з маршрутнаю таксоўкаю «Mercedes». Кіроўца і яшчэ адзін пасажыр «Škoda» шпіталізаваныя. Пасажыры ды кіроўца мікрааўтобуса не пацярпелі.
Беларусь займае 53-е месца ў спісе краінаў паводле Індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу. Дагэтуль нашая краіна займала 50-е месца. Сярод суседніх краінаў у гэтым рэйтынгу Беларусь апярэджвае толькі Украіну, якая на 74-м радку. Наперадзе Беларусі – Літва (34-е месца), Польшча (35-е месца), Латвія (37-е месца) і Расея (52-е месца).
АД, belsat.eu