ЗША ўвялі візавыя абмежаванні для прадстаўнікоў Вярхоўнага суда Венесуэлы


Злучаныя Штаты ўвялі візавыя абмежаванні для прадстаўнікоў Вярхоўнага суда Венесуэлы, а таксама анулявалі ўязныя дакументы ў ЗША тых, у каго яны ўжо меліся. Пра гэта заявіў спецпрадстаўнік ЗША па Венесуэле Эліот Абрамс, выступаючы на ​​слуханнях у камітэце па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

«На мінулым тыдні я абвясціў пра візавыя абмежаванні і ануляванні візаў сябраў нелегітымнай Канстытуцыйнай асамблеі. Сёння мы можам дадаць, што ўвялі абмежаванні на выдачу візаў і адклікалі ранняй выдадзеныя візы сябрам нелегітымнага Вярхоўнага суда Венесуэлы», – адзначыў Эліот Абрамс.

Па словах Абрамса, Вашынгтон таксама гатовы «вывесці з-пад санкцый тых, хто будзе рабіць неабходнае і важнае для венесуэльскага народа».

«Мы падтрымаем іх, як падтрымліваем часовага прэзідэнта Хуана Гуаідо, Нацыянальную асамблею, новы ўрад і іх імкненне стварыць новую Венесуэлу», – сказаў дыпламат.

Спецпрадстаўнік ЗША таксама адзначыў, што амерыканскія санкцыі супраць дзяржаўнай венесуэльскай кампаніі PDVSA, уведзеныя ў канцы студзеня, не акажуць уплыву на сітуацыю ў краіне з гуманітарнага пункту погляду.

«Я не думаю, што санкцыі самі па сабе акажуць падобны эфект, аднак у любым выпадку мы хочам зрабіць вялікі гуманітарны ўклад разам з многімі саюзнікамі для дапамогі народу Венесуэлы», – адзначыў ён.

У той жа час Абрамс заявіў, што венесуэльскі народ павінен сам вырашыць палітычны і эканамічны крызіс у краіне.

«Мы заўсёды прызнавалі, што рашэнне палітычнага і эканамічнага крызісу ў Венесуэле павінны знайсці венесуэльцы. Роля ўрада ЗША заключаецца ў падтрыманні гэтых намаганняў», – сказаў ён.

Аб’ектыў
Беларусь страціла на супрацы з Венесуэлай мільёны
2018.07.05 21:08

СК, belsat.eu

Стужка навінаў