ЗША аднаўляюць усе санкцыі супраць Ірану. Ці гэта адлюструецца на Беларусі


Доналд Трамп анансаваў увядзенне жорсткіх санкцыяў у дачыненні да Ірану. Абмежаванні Белага дому закрануць суднаходства, энергетыку і банкі Ірану.

Новыя амерыканскія санкцыі ўступяць у сілу з 5 лістапада, паведамляе ВВС. У санкцыйны спіс трапяць больш за 700 асобаў, фірмаў, судоў і самалётаў, а таксама найбуйнейшыя банкі, нафтавыя і транспартныя кампаніі.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа заявіў, што мэта санкцый – прымусіць Іран кардынальным чынам змяніць сваё паводзіны на міжнароднай арэне. Ён пералічыў 12 патрабаванняў, якія павінен выканаць Тэгеран, калі ён хоча адмены санкцыяў. Патрабаванні Вашынгтона ўключаюць адмову ад падтрымання тэрарызму і вайсковага ўмяшання ў Сірыі, а таксама поўнае спыненне распрацовак па стварэнні ракетных і ядравых узбраенняў. Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук, лічыць, што ЗША праз санкцыі рэалізоўваюць стратэгію навядзення парадку на блізкім Усходзе.

«Белы дом уводзіць санкцыі з мэтай пазбавіць Тэгеран тых сродкаў, якія краіна выдаткоўвае на падтрыманне хізбалы ў Ліване, гусітаў у Емене і канечне, рэжыму Асада ў Сірыі. Пасля ўвядзення санкцыяў сродкі за экспарт іранскай нафты будуць паступаць на адмысловыя рахункі, якія будуць знаходзіцца за межамі Ірану. Цяпер гэтыя грошы будуць выдаткоўвацца толькі на набыццё гуманітарных тавараў і іншыя гуманітарныя мэты. Такім чынам Іран больш не зможа фінансаваць рухі і структуры, якія з’яўляюцца, ці лічацца, тэрарыстычнымі, акрамя таго Іран больш не здолее развіваць сваю ядравую праграму», – кажа Яўген Красулін.

Міжнародная рэакцыя на санкцыі

Увядзенне санкцыяў прыйшлося на даспадобы шматлікім краінам. У тым ліку і ў Еўразвязе гучаць заявы, якія ідуць насуперак палітыкі ЗША, адзначае Яўген Красулін. З іншага боку яскрава прадэманстраваў сваю пазіцыю Кітай. У лістападзе Пекін адмовіўся цалкам ад Іранскай нафты. Адпаведна, няма замоваў на транспарціроўку нафты. То бок атрымліваецца, што Кітай фактычна далучыўся да санкцыяў ЗША.

Супраць санкцыяў Белага дому ў дачыненні да Ірану выступае Крэмль. Паводле заявы міністра энергетыкі Расеі Аляксандра Новака абмежаванні былі ўведзеныя без рашэння на ўзроўні Рады Бяспекі ААН, паведамляе Маскоўскі камсамолец. Выданне піша, што Расея шукае магчымасці для працягу ўзаемінаў з Іранам ва ўмовах амерыканскіх санкцыяў у дачыненні да Ісламскай Рэспублікі. Масква заяўляе, што будзе працаваць паводле мадэлі «нафта ў абмен на тавары».

Пры гэтым санкцыі ЗША ў дачыненні да Ірану ідуць Расеі толькі на карысць, перакананы дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

«У апошні час паміж Тэгеранам і Масквою нарастаюць і геапалітычныя супярэчнасці, асабліва ў справе з Сірыяй, дзе Расея па сутнасці гуляе ролю стрымлівання іранскага ўплыву. Фармальна Расея выступае супраць санкцыяў таму, што Масква была ўдзельнікам перамоў па дасягненні з Іранам так званай »ядравай дамовы«. З улікам укладу ў яе падпісанне адмова ад яе падтрымкі выглядала б дзіўна. Тым больш, што рашэнне Дональда Трампа дае яшчэ адзін аргумент Крамлю публічна раскрытыкаваць ЗША за парушэнне міжнароднага права», – адзначае Арсень Сівіцкі.

Выключэнні з санкцыяў ЗША

Але і новыя санкцыі маюць некаторыя выключэнні. Гэтак абмежаванні не закрануць восем краін-удзельніц пагаднення з Іранам, якія змогуць працягваць імпартаваць іранскую нафту. Паводле дзяржсакратара ЗША, многія краіны, якія залежаць ад імпарту іранскай нафты, атрымалі магчымасць працягваць яе набываць пры ўмове, што пастаўкі будуць паступова скарачацца пакуль не спыняцца. Сярод васьмі такіх краінаў: Італія, Японія, Індыя, Паўднёвая Карэя, а таксама Турцыя.

Рэакцыя Тэгерану

Прадстаўнік міністэрства замежных спраў у Тэгеране Бахрам Касем заявіў, што Іран валодае неабходнымі ведамі і рэсурсамі для вядзення самастойнай эканамічнай палітыкі.

«Магчымасць таго, што Амерыка зможа дасягнуць сваіх эканамічных мэтаў з дапамогай санкцыяў, з’яўляецца вельмі спрэчнай, а дасягненне палітычных мэтаў такім шляхам немагчыма», – сказаў дыпламат Бахрам Касем, адзначае ВВС.

Ці паўплываюць санкцыі супраць Ірану на Беларусь

Для нашай краіны нейкіх важных наступстваў ад увядзення санкцыяў чакаць не варта, лічыць Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук.

«Пакуль цяжка казаць, як гэтыя санкцыі могуць адбіцца на нашай краіне. Калі, канечне, Беларусь не пачнуць выкарыстоўваць як варыянт абыходу санкцыяў. Тады гэта для нашай краіны гэта можа адбіцца досыць балюча. Бо пазіцыя Вашынгтона досыць сур’ёзная. А так наагул наўрад ці абмежаванні ЗША выльюцца ў нейкія істотныя эканамічныя наступствы для Менску. Што да нейкіх палітычных чыннікаў – то нават калі і будуць нейкія заявы афіцыйнага Менску, то яны будуць вельмі асцярожныя», – падсумоўвае Яўген Красулін.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў