«Выкарыстоўваў какаін у якасці зброі». ЗША абвінавацілі Нікаляса Мадуру ў наркатэрарызме

Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла ў наркатэрарызме і адмыванні грошай прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадуру і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў краіны, у ліку якіх старшыню вярхоўнага суда і міністр абароны. Пра гэта піша Бі-Бі-Сі.

Вашынгтон абвінаваціў ўлады Венесуэлы ў наркатэрарызме, гандлі наркотыкамі, карупцыі і шэрагу іншых злачынстваў.

Як паведаміў міністр юстыцыі Уільям Барр, амерыканскія ўлады прапанавалі $ 15 мільёнаў за інфармацыю, якая дапаможа арыштаваць Ніколяса Мадуру. Яшчэ $ 10 млн амерыканскія ўлады прапаноўваюць за інфармацыю наконт старшыні Канстытуцыйнай асамблеі Д’ёсдада Кабэлья, экс-кіраўніка вайсковай выведкі Уго Карвахала і міністра прамысловасці Тарэка эль-Айссамі.

Выступаючы на ​​прэс-канферэнцыі, Барр заявіў, што Мадура супрацоўнічае з калумбійскай экстрэмісцкай групоўкай FARC, каб «напоўніць ЗША какаінам». Для гэтага выкарыстоўваюцца авіябазы і паветраная прастора Венесуэлы.

«Пакуль народ Венесуэлы пакутуе, гэтая кліка… напаўняе свае кішэні», – сказаў ён.

https://belsat.eu/news/aan-u-venesuele-dzejnichayuts-eskadrony-smertsi-zabity-tysyachy-chalavek/

Паводле Барра, калумбійскія баевікі атрымалі падтрымку рэжыму Мадура, які дазваляе ім бяспечна знаходзіцца ў Венесуэле, адкуль яны могуць займацца кантрабандай какаіну.

«Мадура наўмысна выкарыстоўваў какаін у якасці зброі… з мэтай падарваць здароўе нашых грамадзянаў і дабрабыт нашай краіны», – заявіў федэральны пракурор ЗША Джэфры Бермэн.

Ён абвінаваціў Мадура і блізкіх да яго асобаў у наркатэрарыстычнай супрацы з ФАРК на працягу апошніх 20 гадоў. Грошы прадстаўнікі венесуэльскіх уладаў адмывалі праз банкі і нерухомасць у амерыканскай Фларыдзе.

Амерыканскае Упраўленне па барацьбе з наркотыкамі апублікавала на сваёй афіцыйнай старонцы ў Twitter інфармацыю пра ўзнагароду за інфармацыю, якая прывядзе да арышту і асуджэння Мадуры і венесуэльскіх топ-чыноўнікаў.

Мадура адхіліў абвінавачванні ўраду ЗША і назваў іх ілжывымі. Раней ён абвінаваціў ЗША і Калумбію ў змове супраць Венесуэлы і распальванні гвалту ў краіне.

Краіна над прорваю. Венесуэла

  • Венесуэла перажывае зацяжны эканамічны крызіс, які стаў вынікам палітыкі Нікаляса Мадура. У краіне гіперінфляцыя, людзям не стае ежы і лекаў, сотні тысяч венесуэльцаў эмігравалі. У канцы 2018 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, у якіх зноў перамог Мадура. Аднак апазіцыя і большасць краінаў Лацінскай Амерыкі перамогу Мадура не прызналі, бо не лічылі выбары свабоднымі і справядлівымі.
  • 23 студзеня 2019 года старшыня парламенту Венесуэлы Хуан Гуаідо заявіў аб адхіленні Нікаляса Мадура ад пасады прэзідэнта. Яго прызналі часовым кіраўніком Венесуэлы ЗША, амаль усе дзяржавы Паўднёвай Амерыкі і шмат якія еўрапейскія краіны. З таго часу ў Венесуэле існуе двоеўладдзе.

ІІ belsat.eu

Hавiны