ЗША абвінавацілі КНДР у выкарыстанні хімічнай зброі


Фота - REUTERS/Damir Sagolj

Дзярждэпартамэнт ЗША афіцыйна абвінаваціў улады КНДР у вытворчасці і выкарыстанні хімічнай зброі. Паводле дадзеных амерыканцаў, Пхеньян выкарыстаў нэрвова-паралітычны газ VX для замаху на зводнага брата лідара Паўночнай Карэі. Кім Чэн Нам быў забіты ў выніку нападу ў міжнародным аэрапорце Куала-Лумпура летась.

Дзярждэпартамэнт ЗША абвясціў аб увядзенні новых санкцыяў супраць Пхеньяна. Забарона на аказанне замежнай фінансавай дапамогі і любыя віды супрацы з прадпрыемствамі КНДР набудзе моц 6 сакавіка.

Пра тое, што ўлады Паўночнай Карэі выкарыстоўвалі хімічную зброю, раней казаў і дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан. У студзені 2018 года, адказваючы на ​​пытанне журналістаў, ён заявіў, што Вашынгтону вядома пра выкарыстанне Пхеньянам розных відаў такой зброі.

У Пентагоне лічаць, што КНДР мае запасы хімічнай зброі для артылерыйскіх зарадаў, а таксама распрацоўвае нэрвова-паралітычны, задушлівыя і іншыя рэчывы.

Згодна з заключэннем экспертаў, забойства Кім Чэн Нама ў Малайзіі 13 лютага 2017 года стала яшчэ адным пацвярджэннем дадзеных, атрыманых раней ад уцекачоў з Паўночнай Карэі, якія сцвярджалі, што ўлады дзяржавы шырока выкарыстоўваюць хімічную зброю для правядзення эксперыментаў над вязнямі.

ІІ, belsat.eu, паведамляе “Голас Амерыкі”

Глядзі таксама
Каментары