Зрух болевага парогу. Сацыёлаг распавёў пра «порах» і «бікфордаў шнур» беларускіх пратэстаў


Марш мудрасці 30 лістапада 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прэзентаваў вынікі апошняга даследавання, якое паказвае прычыны і асаблівасці беларускага пратэсту, піша TUT.BY.

Маніторынгавае даследаванне Беларуская аналітычная майстэрня Андрэя Вардамацкага праводзіла з верасня 2020 года з дапамогай фокус-груп. Паводле яго, да росту пратэставых настрояў у беларускім грамадстве вялі некалькі фактараў, якія паступова падвышалі градус незадаволенасці.

Гэтак, са снежня 2019 года паскорыўся рост колькасці тых, хто ацэньваў эканамічную сітуацыю як дрэнную. Тады іх было 38%, а ў канцы сакавіка – пачатку красавіка ўжо 61%. Затым вырасла ступень незадаволенасці рэакцыяй ураду на эпідэмію каронавіруса. Тады ж пачаўся маштабны рух дапамогі медыкам, які даў яго ўдзельнікам досвед самаарганізацыі.

«Эканамічнае самаадчуванне, можна сказаць, – порах, а кавід – бікфордаў шнур. Яны спарадзілі гэты выбух», – мяркуе Андрэй Вардамацкі.

Услед за гэтым рэзка ўпаў давер да дзяржаўных медыяў. Ён зменшыўся з 17% у сакавіку да 4,2% у ліпені, а да недзяржаўных выданняў, наадварот, павялічыўся з амаль 13% у сакавіку да 27% у ліпені. Такімі ж былі паводзіны беларусаў падчас пратэстаў «недармаедаў» у 2017 годзе, заявіў прафесар.

Марш мудрасці 30 лістапада 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

Ён адзначыў, таксама вялікае змяненне адукацыйнай структуры насельніцтва. За 20 гадоў амаль у 2 разы павялічылася колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй. Пры такім узроўні адукацыі насельніцтва аўтарытарныя рэжымы немагчымыя, дадаў Вардамацкі, спаслаўшыся на глабальныя даследаванні.

Таксама, паводле яго, на грамадскай свядомасці і каштоўнаснай іерархіі адбіліся змены ў структуры эканомікі: скарачэнне значнасці транспартна-сыравіннага складніка і ўзмацненне ролі інтэлектуальных вытворчасцяў, развіццё тэхналогіяў.

Чаму людзі выходзяць?

Спіс падзей і з’яў, якія выклікалі незадаволенасць у частцы грамадства, назапашваўся. Да незадаволенасці дзеяннямі ўрада падчас эпідэміі каронавіруса вясной, дадаліся дзеянні ўладаў адбываліся падчас прэзідэнцкіх выбараў, самі выбары і іх вынік. А абсалютнай дамінантай стала жорсткасць сілавікоў. Паводле сацыёлага, каля 60% маглі б змірыцца з фальсіфікацыяй выбараў, калі б не брутальнасць сілавых структураў.

Марш мудрасці ў Менску. 23 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Каментуючы тое, чаму пратэст не знікае, Андрэй Вардамацкі вылучыў пяць параметраў, якія характарызуюць паводзіны і матывацыю пратэстоўцаў. Адзін з іх – гэта зрух болевага парогу: усё больш людзей гатовыя адстойваць свае інтарэсы і правы, нават ведаючы пра магчымыя збіванні, штрафы і арышты, страту працы.

Таксама адбылася трансфармацыя страху ў гнеў і арыентацыя на доўгайграючы пратэст. У часткі грамадства, настроенай на змены, з’явілася ўсведамленне, што яны не адбудуцца за адзін раз, таму людзі не здаюцца пасля разгонаў. Для шмат каго з пратэстоўцаў «няўдача сённяшняга дня спараджае не апатыю, а матывацыю выходзіць яшчэ і яшчэ», падкрэсліў сацыёлаг.

Пры гэтым, паводле яго, удзел у пратэсце ўспрымаецца як псіхалагічны пазітыў і энергетычная падзарадка. Акцыі служаць эмацыйным падсілкоўваннем для ўдзельнікаў, што нязвыкла для пратэстаў.

Марш мудрасці ў Менску. 23 лістапада 2020 г.
Фота: Агата Квяткоўская / «Белсат»

Пятая характарыстыка – гэта адсутнасць лідара. Пасля таго, як патэнцыйныя або рэальныя лідары «знікалі ў завулках беларускай юрыдычнай сістэмы», патрэба ў фізічнай прысутнасці лідара на месцы падзеяў знікла. Гэта спарадзіла самаарганізацыю і феномен плаваючага лідарства. Гэта ж дазваляе прызнаваць лідарамі тых, хто знаходзіцца далёка, адзначыў Андрэй Вардамацкі.

Ці існуе падзел грамадства?

Сацыёлаг падкрэсліў выразны падзел на тых, хто падтрымлівае дзейную ўладу, і прыхільнікаў зменаў. Пры гэтым ён вылучыў поўную ўзаеманепераходнасць іх каштоўнасных сістэм, праз што бакам складана чуць адно аднаго і знаходзіць аргументы, здольныя пераканаць.

Найважнейшым адрозненнем даследаванне паказала псіхалагічную неабходнасць удзельнічаць у працэсе прыняцця рашэнняў у прыхільнікаў зменаў. У прыхільнікаў уладаў такой патрэбы няма.

Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Андрэй Вардамацкі адзначыў, што ў Беларусі ў апошнія месяцы адбываецца трансфармацыя тыпу нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі ў пачатку года гэта быў тэрытарыяльна-дзяржаватворчы тып (калі агульнымі з людзьмі адной нацыянальнасці значная частка называе тэрыторыю, зямлю і дзяржаву), то цяпер да яго дадалася палітычна-грамадзянская кампанента.

Эксперт дадаў таксама, што такія фактары, як адсутнасць патрэбы ў лідары, досвед і ўзмацненне самаарганізацыі, жаданне браць удзел у прыняцці важных для грамадскасці рашэнняў, можна разглядаць як працэс падрыхтоўкі грамадства да пераходу ў стан, калі грамадства будзе гатовае да пабудовы, напрыклад, парламенцкай рэспублікі. Паводле яго, гэта кажа аб аддаленні ад патэрналізму і аднаго цэнтру прыняцця рашэнняў.

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

МГ belsat.eu

Стужка навінаў