Жыхары Інгушэціі масава пратэстуюць супраць абмену тэрыторыяй з Чачэніяй

ВІДЭА

Падчас сённяшняй дэманстрацыі, у якой узялі ўдзел 10 тысячаў чалавек, сілавікі стралялі ў паветра.

4 кастрычніка ў сталіцы Інгушэціі, Магасе, трываюць масавыя стыхійныя акцыі супраць пагаднення аб новай мяжы з Чачэніяй, якое прадугледжвае абмен тэрыторыямі. Каля будынку парламента рэспублікі, які ратыфікаваў пагадненне, сабраліся некалькі тысяч чалавек.

Некаторыя з пратэстоўцаў выкрыквалі «Алах акбар!». Карэспандэнтка BBC, якая знаходзіцца на месцы падзеяў, напісала, што сілавікі стралялі ў паветра.

З парламенту эвакуявалі дэпутатаў.

Паводле інгушаў, у выніку карэкціроўкі межаў, у межах якой адбылася замена тэрыторыямі, іхная рэспубліка страціць. Кіроўная эліта рэспублікі кажа, што нязгодная на абмен.

«Не было ніякага абмену – было проста адарванне тэрыторыі, а дакладней, добраахвотнае перадаванне часткі тэрыторыяў да Чачэнскай Рэспублікі. І пры гэтым адбылося наўпроставае парушэнне працэдуры, прапісанай у рэспубліканскім заканадаўстве», – заявіў Магадед Аздоеў, чалец калегіі экспертнага клубу «КаўказPro».

Паводле канстытуцыі Інгушэціі, любыя пытанні, звязаныя са зменамі межаў гэтага суб’екту Федэрацыі, мусяць абмяркоўвацца на агульна-рэспубліканскім рэферэндуме. Аднак кіраўнікі рэспублік – Рамзан Кадыраў і Юнус-бэк Еўкураў падпісалі пагадненне аб змене мяжы яшчэ тыдзень таму. І толькі сёння яго ратыфікаваў інгускі парламент. Гаворка вядзецца, паводле розных звестак, пра абшар ад 17 да 40 тысяч гектараў горных земляў Сун-жанскага раёну Інгушэціі, якія пераходзяць у склад Чачэнскай Рэспублікі.

І Кадыраў, і Еўкураў называюць падзею гістарычнай: маўляў, яна будзе спрыяць развіццю адносінаў паміж народамі.

«Да гэтага моманту паміж двума суб’ектамі Расеі не было юрыдычна аформленай мяжы. Гэта давала падставы для розных палітычных правакацыйных спекуляцыяў відавочным ворагам вайнахскага народа», – заяўляў Кадыраў.

Апошнім часам на Паўночным Каўказе ўзмацніліся міжэтнічныя канфлікты. У сярэдзіне верасня адбыліся сутычкі ў Кабардына-Балкарыі кабардынцаў і чэркесаў з балкарамі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары