Жыхары дому ў Горадні сталі закладнікамі праз замену ліфта ў дзевяціпавярховіку


З мінулага году цягнецца «эпапея» з заменай ліфту ў дзевяціпавярховіку ў цэнтры Горадні. Адна жанчына з таго часу паспела памерці, іншыя – пакутуюць праз нязручнасці з тым, як дабірацца на апошнія паверхі.

Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

24 лістапада 2018 года ліфт у дзевяціпавярховіку ў Горадні па вул. 17 верасня, 39 перастаў працаваць. У той жа дзень на металічных дзвярах пад’езда з’явілася аб’ява: маўляў, ад гэтага дня ажно па 10 студзеня 2019-га ліфт працаваць не будзе, яго замяняюць.

Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

«Гэта ў вас надоўга, усё крывое-касое…»

Яшчэ раней ля падʼезду з’явіліся дзіўныя кантэйнеры і пакункі з рознымі дэталямі, аб прызначэнні якіх жыхары нават не здагадваліся. Мінакі часам нават здзіралі кавалкі цэлафану і дошчачкі, каб глянуць усярэдзіну ці нешта выцягнуць: ніхто ж не назіраў і не ахоўваў. Апынулася – гэта дэталі новага ліфта. Зрэшты, кантэйнеры так і прастаялі на вуліцы на працягу ўсяго снежня, пад дажджом і снегам.

Так выглядалі кантэйнеры з дэталямі для новага ліфту ў снежні 2018-га

Заменай, са словаў жыхароў, займалася менская фірма. На практыцы гэта выглядала так: цягам дня ў будынку і шахце ліфта працавала 2-3 чалавекі, займаліся дэмантажам. На пытанні жыльцоў пра тэрміны адказвалі:

«Гэта ў вас надоўга, да 10-га наўрад ці паспеем. Ліфт нестандартны, дом нестандартны, усё касое-крывое…»

Так выглядалі кантэйнеры з дэталямі для новага ліфту ў снежні 2018-га

«Усе прэтэнзіі – да фірмы-выканаўцы»

Апынулася, што «сакральная дата» – наўпрост фармальнасць, бо норма дзён на замену ліфта ў жылым будынку – 45. Пасля 10-га студзеня ліфт так і не запрацаваў, запусцілі яго пазней. З таго часу на дзвярах падʼезду зʼяўляюцца паведамленні, што ліфт не будзе працаваць тры альбо пяць дзён – тэрміны ўмоўныя, бо супадаюць далёка не заўжды. Роўна такая ж сітуацыя, як сведчаць жыхары, працягваецца і зараз: «Дзень працуе, дзень не працуе…»

Матор новага ліфту, фота – снежань 2018 году

На пашпарце абʼекта, які красуе на першым паверсе, не ўказаныя ані дата пачатку працаў, ані заканчэння – не дачэпішся. Жыхары дому званілі ўжо ў «Ліфтналадку», пасля па нумары 115 (гарадскі дыспетчарскі цэнтр ЖКГ). Адказы апынуліся не самымі натхняльнымі: «Ліфт яшчэ не прыняты, таму не стаіць на балансе. Усе прэтэнзіі – да фірмы-выканаўцы». А дзе тую фірму знойдзеш?

«Юля блізка 10-га памерла, акурат як пускаць меліся ліфт…»

З часу «эпапеі» з ліфтам у доме ўжо паспела здарыцца некалькі трагедыяў. Найбольш шчымлівая гісторыя тычацца 50-гадовай жыхаркі кватэры на восьмым паверсе – Юлі. З-за сардэчных хваробаў і празмернай вагі тая апынулася наўпрост… «закладніцай рамонту», бо не магла нават спусціцца са свайго паверху ўніз: назад не падымецца.

«Яна вельмі перажывала з-за гэтага, бо мела дзве хатнія сабачкі, – распавядае суседка паверхам ніжэй. – Не магла выгульваць, прасіла суседзяў. Яе любілі вельмі, Юля добра шыла, таму звярталіся па дапамогу: хто нагавіцы падшыць, хто замок у куртцы пераставіць… Як з ліфтам пачалося, яна не выходзіла з кватэры наагул, бо мела хворае сэрца, хворыя ногі. Паўтара месяцы не выходзіла. Памерла: сардэчны прыступ. Акурат блізка 10-га студзеня памерла, як пускаць меліся ліфт…»

Ліфт то працуе, то не працуе.
Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

На тым жа восьмым паверсе жыве хворая жанчына 1942 году нараджэння. Жыве самотна, таму і ў краму хадзіць мае сама. Суседзі час-почас ёй валізы падносяць, калі тая падымаецца на свой паверх. Зусім нядаўна ў яе сарваўся рытм сэрца. Прыехала «хуткая», сказалі, маўляў, патрэбная тэрміновая шпіталізацыя, але… не змаглі спусціць уніз без ліфту. Жанчына засталася дома.

Пашпарт аб’екту: без датаў пачатку і канца працаў.
Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

Прасцей у гарвыканкам, чым штодня на дзявяты паверх

І прыкладаў такіх багата: у доме багата пенсіянераў, што жывуць тут з 1970-х, з часу пабудовы дзевяціпавярховіка. На сёмым паверсе жанчына 1930-га году нараджэння, інвалід, таксама «прыкаваная» да кватэры: добра, што ёсць сацыяльны супрацоўнік. На шостым паверсе пара пенсійнага веку – яны наагул былі змушаныя з’ехаць на час рамонту ў прыватны дом пад Горадняй, бо жанчына ўжо перанесла інсульт, а ейны муж мае праблемы з сэрцам. Вярнуліся ў сваю кватэру яны толькі нядаўна.

У ліфце нават няма тэлефонаў абслугоўваючага персаналу і аварыйнай службы.
Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

І гэта ўжо не кажучы пра мамаў з дзецьмі ў вазочках альбо мужчыну на мыліцах, што мае адну нагу (жыве на трэцім паверсе). Калі сітуацыя не зменіцца і ў гэтым месяцы, жыхары гатовыя збіраць подпісы ды ісці да гарадскіх уладаў. Кажуць, што прасцей дайсці да гарвыканкаму, чым штодня з сумкамі на свой восьмы ці дзявяты паверх, не ведаючы, ці запрацуе ліфт заўтра.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў