На аўкцыёне прадаюць участкі зямлі, на якіх жывуць людзі. Кампенсацыя за прыватны дом складае ўсяго 500 долараў за метр, хоць сярэдні кошт кватэры нават гэтак званай «хрушчоўцы» вышэйшы.
Тэрыторыю прыватнага сектару ў цэнтры сталіцы, абмежаваная вуліцамі Бяды, Лук’яновіча, 2-ою Пасялковай і завулкам Усходнім, выставілі на аўкцыён. Жыхары прыватных дамоў даведаліся пра гэта выпадкова… ад журналістаў.
Жыхары прыватнага сектару ледзь не 40 гадоў сутыкаліся з перашкодамі, калі спрабавалі прапісаць да сябе сваякоў або пабудаваць новы пакойчык. Чыноўнікі іх папярэджвалі, што падчас зносу новых прыбудоваў улічваць не будуць. Цяпер настаў гэты час, і людзі даведаліся, што кампенсацыю яны атрымаюць з разліку 500 долараў за квадратны метр.
ГЛЕБ ТУРЧЫК, ЖЫХАР ПРЫВАТНАГА СЕКТАРУ:
«Калі тут пабудуюць дзевяціпавярховік, то я змагу набыць за тую кампенсацыю ў ім кватэру? Мяркую, што яны будуць прадаваць значна даражэй кватэры ў доме, які будзе тут стаяць. Ну дык тады пытанне: навошта мне адсюль з’яжджаць? Я тады лепш буду жыць у сваім доме».
Згодна з сярэднімі коштамі на кватэры, квадратны метр у цэнтры сталіцы ў гэтак званай «хрушчоўцы» каштуе значна больш. Што ж казаць пра новыя дамы падвышанага камфорту?
ДЫЯНА ВАЙТОВІЧ, ЖЫХАРКА ПРЫВАТНАГА СЕКТАРУ:
«За тыя грошы, якія нам дадуць у якасці кампенсацыі за наш дом, мы зможам набыць толькі нейкую маленькую хрушчоўку на ўскрайку гораду. Цяпер жа ў нас дом у цэнтры гораду. Мы маем паркоўку, месца для выгулу сабак. У нас ёсць двор, каб гуляць з дзіцём».
На Усходнім завулку ёсць дамы, якія пабудавалі яшчэ ў 1939 годзе. Такі дом у Анатоля Бярновіча. Бярвенне для яго прывезлі з вёскі пад Менскам. Потым яго перараблялі, дабудоўвалі. У доме цяпер жыве сам спадар Анатоль са сваёй жонкай і двума дарослымі сынамі.
АНАТОЛЬ БЯРНОВІЧ, ЖЫХАР ПРЫВАТНАГА СЕКТАРУ:
«Для мяне гэта забойства. Калі скажуць, што будуць знасіць… Я ўжо гаварыў сваім, што, калі мяне знясуць і я атрымаю кватэру, то на другі ж дзень у той кватэры я памру».
Але знайшліся і такія жыхары пасёлку, якія вітаюць знос, каб развязаць кватэрнае пытанне для сваёй сям’і. Надзея Папко ў свой час нават склікала адмысловую камісію, каб прапісаць роднага ўнука. А цяпер у доме засталіся адныя жанчыны – гаспадыня і дзве ейныя дачкі.
НАДЗЕЯ ПАПКО, ЖЫХАРКА ПРЫВАТНАГА СЕКТАРУ:
«Што мы заслужылі, то нам і дадуць. Думаю, што кожнай дачцэ па кватэры. Мы ж не бясплатна. У нас жа ёсць тут і зямля 6 сотак».
Аўкцыён адбыўся ў панядзелак. Пакуль не знайшлося пакупнікоў на гэтую тэрыторыю. Наступны аўкцыён будзе праз месяц. Звычайна з кожным новым аўкцыёнам кошт зямлі зніжаецца. Магчыма, калі ён дасягне мінімуму, грамадзкасць даведаецца, хто ж набыў той прынадны кавалак.
Забудоўнік мусіць скампенсаваць людзям страты ў выпадку зносу іхных дамоў. Але далёка не ўсе вераць, што тая кампенсацыя будзе справядлівая.
Любоў Лунёва, «Белсат»