Жыхар Карэліччыны, які змагаўся з дзяржаваю некалькі гадоў, вырашыў з’ехаць з Беларусі

Рустам Бабакулыеў. Фота: Васіль Малчанаў/Белсат

Мы пісалі пра канфлікт Рустама Бабакулыева з мясцовым начальствам, а таксама пра ягоную сям’ю з трыма дзецьмі, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Рустам збіраецца з’язджаць з Беларусі ў Расею, да брата.

Некалькі гадоў таму Рустама звольнілі з жывёлагадоўчай фермы, бо той не захацеў падпісваць дадатковых працоўных дамоваў, то бок рабіць больш за той самы заробак. З таго часу Бабакулыеў шмат разоў скардзіўся ва ўсе інстанцыі, патрабуючы аднавіць яго на працоўным месцы, каб «працаваць па-людску».

Драма ў Карэліцкім раёне, бацьку траіх дзяцей могуць дэпартаваць у Туркменістан

Сям’я Рустама, у тым ліку трое непаўнагадовых дзяцей, апынуліся ў жалю вартым становішчы, бо рэальна працавала толькі жонка Бабакулыева. Працы для мужа ў Вялікай Слабадзе пад Карэлічамі наўпрост не знайшлося. Сям’ю прызналі сацыяльна-небяспечнай, паставілі на ўлік.

«Зараз яны хочуць дзяцей забраць»

Зараз Рустам Бабакулыеў сутыкнуўся з пагрозамі дэпартацыі, бо з’яўляецца грамадзянінам Туркменістану. І гэта нягледзячы на тое, што ён мае від на жыхарства ў Беларусі да 2023-га году. У пасольстве Туркменістану мужчыну заверылі ў тым, што ўсё нармальна, але Бабакулыеў спасылаецца на свой уласны досвед, калі ў 2000-х яго сілком вывезлі ў Воршу з мэтай дэпартаваць ды разбурылі першую сям’ю.

Від на жыхарства Рустама Бабакулыева. Фота: Васіль Малчанаў/Белсат

«Зараз яны хочуць дзяцей забраць, пазбавіць мяне бацькоўскіх правоў, пагражаюць, – разгублена кажа Рустам, – Але я не хачу зноўку губляць сям’ю. Таму вырашыў, што будзем з’язджаць. Найхутчэй у Расею».

У Расеі ў Рустама жыве родны брат, які, імаверна, і дапаможа самому Рустаму і ягонай сям’і на першы час. У тое, што можна дамагчыся праўды паводле закону і вярнуцца на сваё працоўнае месца тут, у Беларусі, Бабакулыеў ужо не верыць.

Ферма ў вёсцы Вялікая Слабада пад Карэлічамі. Фота: Васіль Малчанаў/Белсат

«Звязваліся з праваабаронцамі, але плёну ніякага»

У плане камунікацыі са СМІ Рустаму дапамагаў увесь час Мікалай Чаготка з Карэлічаў – кіраўнік суполкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў раёне. Паводле сп. Мікалая, па справе Бабакулыева ён неаднаразова прасіў дапамогі ў недзяржаўных структураў, але так і не дачакаўся.

«Звязваліся з праваабаронцамі, з «Вясною», з Севярынцам, але плёну аніякага, – распавядае сп. Мікалай, – Кажуць або «хай ідзе працуе», або – «хай падае ў суд». А дзе грошы ўзяць на юрыста, на адваката? Як гэта зрабіць? Пракансультавацца? Ніхто не кажа. А на чалавека гэтым часам ціснуць, ствараюць нялюдскія ўмовы і яму, і дзецям. Дзяцей без прычыны ў росшук аб’яўляюць, калі яны з маці ў Менску знаходзяцца. Ну як гэта? Таму Рустам і вырашыў урэшце пакінуць краіну».



АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Hавiны