Драма ў Карэліцкім раёне, бацьку траіх дзяцей могуць дэпартаваць у Туркменістан


Лёс сям’і Рустама Бабакулыева – драматычная гісторыя канфрантацыі з дзяржаваю ў глухой беларускай правінцыі, дзе ўсе прывыклі маўчаць. Рустам абраў іншы шлях: стаяць на сваім любым коштам. У выніку яму пагражаюць забраць дзяцей, а самога дэпартаваць з Беларусі.

Вёска Вялікая Слабада месціцца за 10 км ад Карэлічаў. Едзем па разбітай грунтовай дарозе, паварочваем за баракі: ці тое мехдвор, ці тое майстэрня. Нас арыентавалі, што далей пачнуцца катэджы і ехаць маем да апошняга. Замест катэджаў – двухпавярховыя дамкі з сілікатнай цэглы. Кожны, як аказалася, на чатыры сям’і. Апошні – наш. Прыехалі.

«Не глядзіце, што плот павалены, – кажа Мікола, знаёмы Рустама з Карэлічаў. – Гэта на першым паверсе бабулька жыве. Ейны плот. А чыноўнікі прыязджаюць і фатаграфуюць, нібыта гэта Рустам так гаспадарку запусціў…»

Рустам Бабакулыеў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Падымаемся на другі паверх. Там ужо чакае Рустам Бабакулыеў з жонкаю ды некалькімі аднавяскоўцамі. Прыйшлі распавесці пра свае беды. Чакалі, што прыедзе таксама юрыст. Тлумачым, што мы журналісты. Па сценах развешаныя партрэты дзяцей. На стале, каля камп’ютара, стос дакументаў – перапіска з чыноўнікамі.

«Гэта горш за рабства!»

У далёкім 2001-м Рустам Бабакулыеў пераехаў у Беларусь з Туркменістану. Непрыемнасці пачаліся праз некалькі гадоў: камусьці не спадабаўся ягоны туркменскі пашпарт, які не мае тэрміну дзеяння. Спрабавалі выслаць: анулявалі рэгістрацыю ды ў судовым парадку скасавалі першы шлюб, ад якога засталася дачка. Тады каля тыдня Рустам правёў у ІЧУ, пасля чаго яго вывезлі ў Воршу. На рукі далі даведку і рашэнне аб дэпартацыі.

Адказ з Адміністрацыі прэзідэнта з перанакіраваннем звароту. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Рустам усё ж вярнуўся ў Карэлічы. Нейкі час нелегальна працаваў у людзей на падворках. Але ўсё ж аднавіў дакументы. У жніўні 2011-а ўладкаваўся на жывёлагадоўчую ферму. Атрымліваў сённяшнімі грашыма каля 500 рублёў.

«Даведаўся, што на суседняй ферме двое працуюць праз дзень за тыя ж грошы, – узгадвае Рустам. – Чаму яны па 8 гадзінаў, а я па 12 і без выходных? Пачаў скардзіцца. Кіраўніцтва казала, што на той ферме малака больш каровы даюць… А якім бокам я да малака? Я сваю працу выконваю. Не п’ю. Прагулаў няма. Адправілі ў адпачынак. А пасля – дадатковыя ўмовы паказалі, каб падпісаў. А там мне за тыя ж грошы яшчэ больш працы… Гэта горш за рабства! Не падпісаў. Мяне звольнілі на пачатку 2018 года».

Вялікая сямʼя Бабакулыевых. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Дзяцей апранулі паводле загаду, яны пайшлі ў школу»

Рустам пачаў скардзіцца – ездзіў нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Гэтак пачалася галеча, бо заробку жонкі, якая працуе даяркай, на ўсё сям’ю не ставала. Іншай працы нідзе побач няма. А ў хаце ж, апроч дарослых, яшчэ трое дзяцей: дзве дзяўчынкі і хлопец. Старэйшаму, хлопцу, 15 гадоў. Дайшло да таго, што бацькі наўпрост не пусцілі дзяцей у школу, спасылаючыся на тое, што няма ў чым. Тады сітуацыя і набыла розгалас.

Партрэты дзяцей на сценах у кватэры Бабакулыевых. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Прыязджалі чыноўнікі, цэлая дэлегацыя, – працягвае Рустам Бабакулыеў. – З Адміністрацыі прэзідэнта, з Мінадукацыі і г.д. Мясцовае кіраўніцтва таксама. Я патлумачыў, што звольнілі незаконна. Ёсць адказ з Генпракуратуры, што звольнілі з парушэннямі. А дзяцей апрануць няма ў што. Пытаюцца, маўляў, калі апрануць дзяцей, ці пойдуць у школу? Кажу, што так. Апранулі паводле загаду ў той жа дзень, а дзеці на наступны пайшлі ў школу».

Рустам Бабакулыеў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Разам з тым, самога Рустама на працы так ніхто і не аднавіў. Ягоная працоўная кніжка дасюль ляжыць у былога працадаўцы. Больш за тое, сям’я трапіла ў лік сацыяльна-небяспечных (г.зв. «СОП»). Цяпер дзеці ходзяць, а, дакладней, ездзяць у школу ў Турэц: школа ў Вялікая Слабадзе, роўна як і клуб, і бібліятэка, зачыненая. Але ж статусу перабывання сям’і ў сацыяльнай небяспецы так і не знялі, бо бацька без працы.

«Пераканацца, што вас ніхто не краў…»

Паводле Рустама, апошнім часам пачаўся моцны ціск – праз дзяцей. Мала таго, што дахаты рэгулярна ходзяць праверкі і міліцыя, цяпер дзецям яшчэ і пагражаюць. Маўляў, бацьку іхнага хутка пазбавяць бацькоўскіх правоў, калі так і далей пойдзе, а самі дзеці пойдуць у прытулак.

«У пятніцу жонка з дзецьмі праз гэтыя пагрозы ездзіла ў Адміністрацыю прэзідэнта, – распавядае Рустам. – У той жа дзень зноў праверка з міліцыяй. Тут што, прахадны двор? У панядзелак паехала з дзецьмі ў Мінадукацыі. Дык да мяне сюды міліцыя прыходзіць: жонку з дзецьмі, маўляў, абвесцілі ў росшук! Паверылі ды сышлі толькі тады, калі я жонцы ў Менск дазваніўся і даў слухаўку. На наступны дзень да мяне прыходзяць, каб я пісаў тлумачэнні, каб іх прыбралі з росшуку. Дык я ж не падаваў! Што мне пісаць?»

Марына Бабакулыева, жонка Рустама. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Далей тая ж гісторыя працягнулася, але з удзелам самой жонкі. Паводле Марыны Бабакулыевай, да яе ў Карэлічах падышлі працаўнікі МУС, каб падпісала тлумачэнні наконт росшуку. Але – не чытаючы.

«Кажуць, бо вы, Віктараўна, у росшуку з дзецьмі, павінныя ўзяць тлумачэнні, – распавядае разгубленая жанчына. – Кажу, што я не ў росшуку, у міністэрстве была. Муж быў пацвердзіў. Не, кажуць, да нас прыйшла папера, мы павінныя зладзіць праверку. Пераканацца, што вас ніхто не краў… Так і падпісала дзве паперы».

«Хочуць дэпартаваць, разбурыць сям’ю»

Апошнім цвіком стала папера, якая прыйшла самому Рустаму Бабакулыеву. Паводле яе, трэба да 10 лютага з’явіцца ў групу грамадзянства і міграцыі Карэліцкага РАУСу з відам на жыхарства і даведкаю з месца працы. Гэта дзіўна, бо від на жыхарства дзее да 2023 года. Паводле жонкі, ёй казалі, што мужа можа чакаць паскораны працэс дэпартацыі…

Ані клубу, ані школы, ані бібліятэкі ў Вялікай Слабадзе не засталося. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Хочуць дэпартаваць, разбурыць сям’ю, у нас жа трое дзяцей няпоўнагадовых, – эмацыйна тлумачыць Рустам. – Гэта помста. Каб не караць кіраўніка, які несправядліва мяне звольніў, караюць мяне. А я ж грамадзянін іншай краіны ды іншай нацыянальнасці. Тут па справядлівасці не хочуць. Я патрабую зрабіць па-чалавечы: сесці за стол і дамовіцца – аб заробку, аб гадзінах. Аднавіць мяне».

Рустам Бабакулыеў спрачаецца са старшынём сельсавету. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Размова нечакана перарываецца настойлівымі званкамі ў дзверы. На парозе некалькі чалавек. Адзін з іх медык, іншы – старшыня сельсавету. Нагода для візіту – праверка, у якім стане дзеці, якія толькі што вярнуліся са школы. У медыка ў сумцы градуснік – замяраць тэмпературу ў хаце. Пачынаецца дыялог на павышаных тонах паміж Рустамам і старшынём:

– На якой падставе пастаноўка на ўлік паводле сацыяльна-небяспечнага стану?

– Дзеці ў гаротным стане…

– А хто давёў да гаротнага стану?

– Бацькі…

– А хто звольніў бацьку шматдзетнай сям’і?!

– Гэта да наймальніка… Я тут не для допытаў!

– Пакіньце памяшканне!

– …

«Ціснуць праз дзяцей? Крый Божа!»

Запытваемся ў старшыні сельсавету, Сяргея Барычэўскага, з чым звязаная такая пільная ўвага да сям’і Бабакулевых.

«У верасні 2019-а трое дзяцей адсутнічала ў школе. Бацькі кажуць: есці няма чаго, апрануць няма ў што. Таму сям’я і пастаўленая на ўлік як сацыяльна-небяспечная. Ёсць графік наведванняў: педагогі штотыдзень, я – раз на месяц. Мы не да бацькоў, а да дзяцей ходзім», – кажа старшыня.

Партрэты дзяцей у кватэры Бабакулыевых. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пытаемся наконт сітуацыі з працаўладкаваннем Рустама, а таксама наконт візітаў чыноўнікаў. «Я паўтара года працую, – працягвае Барычэўскі. – У 2018-м так, былі тут з Адміністрацыі прэзідэнта… Не памятаю прозвішча. Пакуль ні грама высілкаў для працаўладкавання Рустам Базаравіч не прыклаў. Ціснуць праз дзяцей? Крый Божа! Для іх створаныя ўсе ўмовы. Дзяржава апранула і абула – усё зрабіла. Рэшта – да наймальніка. А наконт дэпартацыі я нічога не ведаю, не ў курсе».

Дамок на чатыры кватэры, дзе і жыве сямʼя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Толькі збягаць з Беларусі»

Старшыня з’язджае, а Рустам Бабакулыеў праводзіць нас да падворку, дзе прыпаркаванае аўта. Бачна, што мужчына ўзрушаны чарговаю размовай з прадстаўнікамі ўлады. Развітваючыся, кажа:

«Калі будзе яшчэ ціск… Толькі збягаць з Беларусі. Справядлівасці няма і не будзе. Пры чым тут дзеці? Давайце мяне ламаць, калі так, а не праз іх. Не па-чалавечы. За 19 год мяне не зламалі. Мучыце дзяцей… Я адзін раз на зямлі жыву, другога не будзе. У мяне адзін шлях – справядлівасць. Назад дарогі няма. На калені ніколі не стану».

У Вялікай Слабадзе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вяртаючыся, робім кола па Вялікай Слабадзе. Двухпавярховы будынак клубу і школы – пустыя, з пабітымі шыбамі. Будынак бібліятэкі закалочаны, кнігі «раздалі мясцовым, каб печкі тапілі», згодна са словамі вяскоўцаў, знаёмых Рустама. Побач з былою бібліятэкай – помнік партызанам і бюст балгарскага камуніста Дымітрава. Апошні пафарбаваны, але з адбітым носам. У галаве рэхам гучаць словы Рустама: «Толькі збягаць з Беларусі».

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў