Ірына Леўшына і Паўлюк Быкоўскі – на свабодзе. Стрым


Паўлюка Быкоўскага вызвалілі!

Карэспандэнта «Deutche Welle» ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі!

Opublikowany przez Белсат TV Piątek, 10 sierpnia 2018

Галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыну Леўшыну і карэспандэнта Deutsche Welle у Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі з-пад варты. Журналістаў выпусцілі з будынку Следчага камітэту, куды іх прывезлі сёння на допыт.

Першым выйшаў на свабоду Быкоўскі, прыкладна праз паўгадзіны – Леўшына.

Быкоўскі даў падпіску аб неразгалошванні, таму не можа нічога распавесці пра следства па сваёй справе.

«На ўмовы ўтрымання я паскардзіцца не магу – гэта звычайныя ўмовы ІЧУ. Таксама я не магу паскардзіцца на ціск падчас допыту, нічога звышнатуральнага не было», – адзначыў ён.

Паводле БелаПАН, Леўшына застаецца ў статусе падазраванай і таксама дала падпіску аб неразгалошванні. Сённяшні допыт цягнуўся каля 2 гадзінаў.

Паўлюка Быкоўскага затрымалі 8 жніўня ў межах «справы БелТА», Ірыну Леўшыну – 9 жніўня. Справа была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі». Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 15 журналістаў. Сем з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў. Ператрусы таксама адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўнай газеты «Культура», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи».

Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова і рэдактаркі TUT.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Уласік правялі за кратамі 2 содняў і былі вызваленыя 9 жніўня. Таксама 9 жніўня вызвалілі рэдактара сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксея Жукава, якога затрымалі 8 жніўня. Усе яны застаюцца ў статусе падазраваных. Дзеянні галоўнага рэдактара Марына Золатава былі кваліфікаваныя Следчым камітэтам па ч. 2 арт. 425 КК Беларусі («бяздзейнасць службовай асобы»).

На дадзены момант усе фігуранты «справы БелТА» вызваленыя.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў