Рэдактарак TUT.by вызвалілі. СК сцвярджае, што Марына Золатава прызнала віну. Стрым


Рэдактарак TUT.by вызваляюць. Марына Золатава на волi!Раней СК паведаміў пра вызваленне з-пад варты Ганны Калтыгiнай, Галіны Уласік, Ганны Ермачонак «і іншых асобаў, якія праходзяць па справе».

Opublikowany przez Белсат TV Czwartek, 9 sierpnia 2018

Следчы камітэт Беларусі аб’явіў пра вызваленне з-пад варты рэдактарак TUT.by – Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінай, Ганны Ермачонак і Галіны Уласік.

«Адчуваю сябе добра, бо на воле. Гэта быў незвычайны новы досвед, які б не хацелася паўтараць», – заявіла Золатава belsat.eu адразу пасля вызвалення.

Рэдактарка заявіла, што да яе ставіліся следчыя нармальна, ціску не было. Яна дала падпіску аб неразгалошванні, таму абставіны справы каментаваць не можа.

СК паведаміў, што дзеянні галоўнага рэдактара Марына Золатава кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 425 КК Беларусі («бяздзейнасць службовай асобы»). З прэс-рэлізу пры гэтым не зусім зразумела, ці цалкам перакваліфікавалі абвінавачванне Золатавай або проста дадалі яшчэ адзін артыкул абвінавачвання да ч. 2 арт. 349 КК Беларусі, па якім праходзяць астатнія фігуранты справы. Сама Золатава ў размове з belsat.eu таксама адмовілася каментаваць гэтую сітуацыю.

«Галоўная рэдактарка ​​ТАА «Тутбай Медиа» прызнала, што з яе ведама на працягу доўгага часу працаўнікі таварыства з абмежаванай адказнасцю незаконна выкарыстоўвалі рэквізіты доступу да платнай падпісцы РУП «БелТА». Дадзеныя звесткі пацьвярджаюцца паказаннямі сведкаў, якія праходзяць па справе. Улічваючы актыўнае садзейнічанне расследаванню, следчым прынята рашэнне аб непрымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да Марыны Золатавай», – заявілі ў СК.

Акрамя таго, Следчы камітэт паведаміў пра вызваленне з-пад варты Ганны Калтыгиной, Галіны Уласік, Ганны Ермачонак «і іншых асобаў, якія праходзяць па справе».

Акрамя таго, вызвалены рэдактар сайту газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. У размове з belsat.eu журналіст паведаміў, што даў падпіску аб неразгалошванні і таму нават не можа сказаць, ці прызнаў ён сваю віну.

Пра лёс Паўлюка Быкоўскага, Таццяны Каравенковай і Ірыны Леўшынай пакуль нічога не вядома. У прэс-рэлізе СК іх не згадваюць.

Пазней жонка Быкоўскага Вольга паведаміла, што яе мужа сёння дакладна не вызваляць.

Не. Паулюка сёння не адпусцяць. Гэта ужо дакладна. Каб здабыць гэтую простую инфармацыю спатрэбилася не менш за 8…

Opublikowany przez Volię Bykouskają Czwartek, 9 sierpnia 2018

Нагадаем, 7 жніўня Следчы камітэт правёў ператрусы ў офісах TUT.by і БелаПАН у межах так званай «справы БелТА». Справа была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі». Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 15 журналістаў. Сем з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў. Ператрусы таксама адбыліся ў офісе дзяржаўнай газеты «Культура», офісе парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи».

Адзначым, што максімальнае пакаранне паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – 2 гады пазбаўлення волі. Максімальнае пакаранне паводле ч. 2 арт. 425 КК – 5 гадоў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў