«Справа БелТА» – старт прэзідэнцкай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі?


*Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Крымінальная справа супраць журналістаў і рэдактараў TUT.by ды БелаПАН можа сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб правядзенні датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.

Нельга сказаць, што сённяшнія затрыманні і ператрусы выглядаюць нечаканым паваротам у палітыцы беларускіх уладаў у сферы СМІ. Незалежныя медыі адчувалі на сябе ціск і рэпрэсіі ўвесь час кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Апошнія паўтары гады ўзровень рэпрэсіяў супраць недзяржаўных медыяў у Беларусі наогул быў вельмі высокі. На гэты перыяд прыйшліся:

– масавыя затрыманні і арышты журналістаў падчас асвятлення «пратэстаў недармаедаў»;

– ператрусы ў офісах «Белсату» ў Менску і канфіскацыя тэхнікі ў сакавіку 2017 года;

– канвеер судоў за працу без акрэдытацыі МЗС (летась белсатаўцаў аштрафавалі на суму больш як $ 25 000, у 2018-м столькі штрафаў нашыя журналісты атрымалі толькі за першае паўгоддзе);

– блакаванне сайтаў «Беларускі партызан» і «Хартыя»;

– ператрусы і канфіскацыя тэхнікі ў гарадзенскіх фрылансэраў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса ў ліпені 2018 года і магчымы крымінальны пераслед журналістаў нібыта за «паклёп і абразу асобы»;

– крымінальная справа супраць заснавальніка і кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая.

Аднак нават на тле гэтага «справа БелТА» выглядае сапраўднай кульмінацыяй рэпрэсіяў супраць недзяржаўнай прэсы. Прынцыпова важна тое, што пад ударам сілавікоў аказаліся СМІ, якія традыцыйна вядуць вельмі стрыманую інфармацыйную палітыку і ніколі не пазіцыянавалі сябе як апаненты палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Больш за тое, непасрэдных нагодаў для пераследу гэтых выданняў таксама няма – яны не адзначыліся апошнім часам гучнымі расследаваннямі або іншымі матэрыяламі, якія б балюча закранулі інтарэсы ўлады.

Пры гэтым масавае затрыманне журналістаў і рэдактараў TUT.by ды БелаПАН, ператрусы ў офісах, безумоўна, паралізуюць працу найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-СМІ і найбуйнейшага ў Беларусі незалежнага інфармацыйнага агенцтва. Падзеі сённяшняга дня даюць падставы сцвярджаць, што ўлады вырашылі канчаткова зачысціць інфармацыйную прастору ад альтэрнатыўных крыніцаў. Аднак паўстае пытанне: чаму менавіта цяпер?

Хвалі рэпрэсіяў супраць недзяржаўных СМІ ў Беларусі абавязкова супадалі з перыядамі, калі ўлады найбольш адчувалі сваю ўразлівасць. Гэта часы масавых пратэстаў у краіне, эканамічнага крызісу або важных электаральных кампаніяў.

Напрыклад, менавіта такім быў перыяд 2010-2011 гг., калі ў офісах незалежных медыяў адбываліся ператрусы, выданням выносілі папярэджанні, дзясяткі карэспандэнтаў затрымлівалі і збівалі падчас Плошчы ды маўклівых акцыяў пратэсту, а шэраг журналістаў нават сталі фігурантамі крымінальная справы аб «масавых беспарадках». Тая хваля рэпрэсіяў відавочна была абумоўлена масавымі пратэстамі, абвальнай дэвальвацыяй і прэзідэнцкімі выбарамі – гэта быў, бадай, адзін з самых цяжкіх перыядаў для ўлады Лукашэнкі. Гэтак сама хваля пераследу незалежных журналістаў вясной 2017 года была абумоўлена пратэстамі недармаедаў, якія сталі для ўладаў поўнай нечаканасцю і выклікалі сапраўдную паніку.

Аднак сёння сітуацыя прынцыпова іншая. Істотных пратэстаў у Беларусі не бачна з сакавіку 2017 года, эканоміка нават дэманструе пэўны рост, а наступная электаральная кампанія, паводле календару, адбудзецца толькі ў 2020 годзе.

Праўда, можа адбыцца і раней. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўжо казала пра магчымасць пераносу прэзідэнцкіх або парламенцкіх выбараў з 2020 па 2019 год. Калі выказаць здагадку, што Лукашэнка сапраўды прыняў рашэнне правесці прэзідэнцкія выбары ў 2019 годзе, то цяперашняя хваля рэпрэсіяў супраць недзяржаўных СМІ цалкам адпавядае традыцыйнай логіцы беларускай улады. Спецслужбы проста зладзілі прэвентыўную зачыстку медыяпрасторы Беларусі, каб незалежныя СМІ былі больш паслухмянымі і лаяльнымі падчас асвятлення будучай прэзідэнцкай кампаніі.

Будынак СК, фота sk.gov.by

Артыкул, паводле якога распачалі крымінальную справу, абраны пры гэтым даволі хітра: для заходніх дыпламатаў ён выглядае максімальна дэпалітызавана, што пры жаданні дасць ЕЗ магчымасць заплюшчыць вочы на новую хвалю рэпрэсіяў у Беларусі і працягнуць «адлігу» ў двухбаковых стасунках. (Аналагічны разлік у беларускіх уладаў і з пераследам гарадзенскіх журналістаў нібыта за «паклёп і абразу»).

Хутчэй за ўсё, усіх затрыманых па «справе БелТА» праз некалькі дзён адпусцяць пад падпіску аб нявыездзе, аднак расследаванне крымінальнай справы будзе цягнуцца яшчэ доўга. Фігуранты выконваюць ролю закладнікаў, а іх будучыня – у руках спецслужбаў. І кожны раз, працуючы над новым артыкулам, журналісты і рэдактары TUT.by або БелаПАН будуць думаць, як гэта адаб’ецца на лёсе іхных калегаў, над якімі навісла рэальная пагроза турмы. Імаверна, менавіта на гэта разлічвалі спецслужбы, распачынаючы «справу БелТА».

Дарэчы, апошні раз такі масавы і арганізаваны ціск на журналістаў ды рэдактараў вядучых незалежных СМІ адбываўся ў лютым і красавіку 2010 года. Тады ператрусы адбыліся ў офісах «Народнай Волі» і «Хартыі», а таксама ў кватэрах журналістак Марыны Коктыш, Святланы Калінкінай, Ірыны Халіп і Наталлі Радзінай. Праваахоўнікі шукалі доказы паклёпу на працаўнікоў КДБ і пагражалі журналісткам крымінальным пераследам. А восенню таго ж года распачалася прэзідэнцкая кампанія, хаця паводле календару яна мусіла прайсці ў 2011-м.

Цалкам магчыма, што праз паўгода пасля ператрусаў у офісах БелаПАН і TUT.by мы таксама будзем назіраць за чарговай кампаніяй пераабрання Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў