«Здраднікі, вы забралі чэмпіянат свету ў тысячы дзяцей»: Баскаў пракаментаваў перанос спаборніцтваў з Менску


Старшыня Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Баскаў пракаментаваў перанос чэмпіянату свету з Менску.

Яго словы цытуе ФХРБ.

«Хачу персанальна звярнуцца да прадстаўнікоў так званага Фонду салідарнасці спартоўцаў. Асабліва да былых прафесійных спартоўцаў. Сёння вы святкуеце перамогу, адабраўшы ў беларускага народу сапраўднае свята. Пасля гэтага вы не можаце называцца беларусамі! Вы здраднікі! Вы забралі чэмпіянат свету, у першую чаргу, у тысячы дзяцей, якія займаюцца хакеем.

Гэтыя 17 дзён, на працягу якіх доўжыцца чэмпіянат свету, маглі б прыцягнуць у нашу краіну не толькі сусветных хакейных зорак, сапраўдных куміраў мільёнаў хлапчукоў па ўсім свеце, на якіх раўнялася б новае пакаленне хакеістаў, але і дзясяткі тысяч замежных заўзятараў і сотні прадстаўнікоў СМІ, якія маглі б на ўласным досведзе пераканацца ў неверагоднай прыгажосці Беларусі, гасціннасці нашага народу і ўзроўні бяспекі ў нашай краіне.

Нам шкада, што Міжнародная федэрацыя хакею і найбуйнейшыя сусветныя брэнды, якія падтрымліваюць развіццё сусветнага хакею, сталі ахвярамі палітычных гульняў вакол Беларусі. Нашай краінай была праведзена вялікая праца спачатку для рыхтавання заяўкі на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі IIHF, а пасля – непасрэдна для арганізацыі турніру. Са свайго боку мы па-ранейшаму лічым, што і чэмпіянат свету ў 2021 годзе не стаў бы выключэннем, а як мінімум паўтарыў поспех турніру, які мы ўжо прымалі ў 2014 годзе.

Акрамя таго, правядзенне чэмпіянату ў Менску магло даць штуршок не толькі развіццю дзіцячага спорту, але і турыстычнай індустрыі, гарадской інфраструктуры. Безумоўна, мы знойдзем гэтыя пункты росту самастойна, але «палітычная гнуткасць» міжнародных інстытутаў ужо ўвойдзе ў гісторыю, тым самым стварыўшы прэцэдэнт для наступных маніпуляцыяў.

На жаль, працэдура, прадугледжаная Міжнароднай федэрацыяй хакею, не прадугледжвае магчымасці апеляцыі», – сказаў Баскаў.

ІК, belsat.eu

 

Стужка навінаў