«Збіванні пастаянна працягваюцца». Як беларускія праваабаронцы збіраюць сведчанні пра катаванні


Дні 9-12 жніўня ўвойдуць у найноўшую гісторыю Беларусі, як адныя з найбольш крывавых. Амаль 7 тысячаў чалавек былі затрыманыя ў першыя і найбольш крывавыя дні супрацьстаяння паміж народам і паліцыяй. «Белсат» пагаварыў з Таццянай Гацурай-Яворскай з грамадскага аб’яднанне «Звяно» пра дакументаванне катаванняў.

Таццяна Гацура-Яворская.
Фота: архіў гераіні

«Напачатку мы не ведалі маштабаў»

Таццяна Гацура-Яворская – дырэктарка грамадскага абʼяднання «Звяно». Арганізацыя займаецца абаронаю правоў пацыентаў, асветаю ў галіне правоў чалавека і адраснаю дапамогаю. Бадай што найбольш іх вядомы праект – фестываль кіно пра правы чалавека Watch Docs.

Чаму «Звяно» пачало займацца пацярпелымі падчас першых дзён пратэстаў? Перадусім арганізацыя хацела аказаць адрасную дапамогу гэтым людзям. А для гэтага было неабходна пагаварыць з пацярпелымі, каб зразумець патрэбы. Ды і лекары, з якімі ў праваабаронцаў ужо быў кантакт, паведамілі, што ў шпіталі паступаюць моцна збітыя людзі.

«Але тады, 11 жніўня, мы яшчэ не ведалі маштабаў. Падчас размоваў пра паходжанне траўмаў, стала зразумела, што гэта не кропкавыя злачынствы, а сістэмныя катаванні. Таму пачалі расследаваць і спрабаваць сістэматызаваць звесткі пра траўмы, каб грамадства даведалася», – тлумачыць Таццяна.

Уручча, 11 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Як гаварыць з людзьмі пра катаванні

Напачатку ў валанцёраў арганізацыі не было структураванага апытання. Вядома, што былі пэўныя пункты, пра якія абавязкова запытвалі людзей: ці ўжывалі спецсродкі, ці чулі, каб АМАП або іншыя сілавікі папярэджвалі пратэстоўцаў перад іхным выкарыстаннем. Заўсёды пыталі пра месца і час траўмаў, ці былі яны сведкамі гвалту ў дачыненні да іншых людзей.

Валанцёры не праходзілі спецыяльных курсаў або інструктажу. Апытанні праводзіліся больш інтуітыўна.

«Я памятаю, што адзін з нашых валанцёраў, які хацеў апытваць людзе, запытаўся, што патрэбна. Я яму адказала – «эмпатыя». Пацярпелы чалавек мусіць адчуваць, што мы не проста хочам узяць звесткі і знікнуць, але мы вельмі зацікаўленыя, каб дапамагчы ў побытавых і фінансавых пытаннях», – гаворыць Таццяна. – «Працуе простае правіла: чалавек распавядае тое, што гатовы распавесці. Можна ананімна, можна не ананімна. І большасць была гатовая дзяліцца сваім досведам».

Hавiны
«З атрыманаю калектыўнаю траўмай беларусы будуць змагацца гадамі». Размова пра паслявыбарчую сітуацыю з псіхатэрапеўтам
2020.09.07 14:33

У камандзе «Звяна» – 5 чалавек. Ад 11 жніўня па сёння яны апыталі каля 80 чалавек.

Найбольш частыя траўмы – глыбокія гематомы. Таксама было шмат ЧМТ, пераломаў рук ног ключыц, вачніц. Калі чалавек трапляў з вуліцы – траўмы ад гумовых куляў і светашумавых гранатаў. Больш за ўсё пацярпелі мужчыны. Жанчыны складалі толькі 5% ад усіх пацярпелых.

«Хіба АМАП і супрацоўнікі МУС падзялілі ўсіх па гендарным паказніку. Мужчын бязбожна катавалі і забівалі. А жанчыны часцей былі не Акрэсціна, а з вуліцы», – распавядае Таццяна.

Падчас збору звестак валанцёры спрабавалі ідэнтыфікаваць асобы тых, хто збіваў і катаваў людзей.

«Некаторыя бачылі твары, чулі мянушкі. Мы запытваем і захоўваем – на будучыню, бо гэта можа мець вялікае значэнне. Але з большага людзі кажуць, што ў іх не было шанцаў пабачыць або пачуць нешта, бо змушалі адразу апускаць галаву, а калі падымаў – білі».

Жаночы пратэст
АМАП затрымлівае людзей каля плошчы Перамогі падчас жаночай акцыі пратэсту ў Менску. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Колькі было выпадкаў

ААН паведамляе пра 450 выпадкаў катаванняў у Беларусі. Таццяна Гацура-Яворская мяркуе, што гэта далёка не ўсё.

«У лякарні звярнуліся больш за тысячу чалавек. І гэта толькі афіцыйна. Таму колькасць катаванняў значна большая. Мне здаецца што ААН падае лічбу на падставе заяваў у Следчы камітэт. Амаль кожны чалавек, які быў арыштаваны 9-12 жніўня, перажыў катаванні», – сцвярджае грамадская дзяячка.

Але 12 жніўня катаванні не скончыліся, перакананая Таццяна.

«Збіванне на Акрэсціна працягваецца, але не ў такіх маштабах. Не трэба думаць, што гэта спынілася, і ніколі не паўторыцца», – кажа яна.

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Што далей?

Для збору сведчанняў пра катаванні быў створаны Міжнародны камітэт расследаванняў катаванняў у Беларусі. Абʼяднанымі намаганнямі беларускіх і ўкраінскіх праваабарончых арганізацыяў ініцыятыва працуе над тым, каб жахі, якія перажылі беларусы, не засталіся беспакаранымі.

Зараз Камітэт збірае крытычную масу сведчанняў. Далей гэтыя звесткі будуць перадавацца ў міжнародныя арганізацыі. Напрыклад, у выглядзе дакладу ў Камітэт супраць катаванняў ААН. Галоўная мэта іхнай працы – сабраць як мага болей інфармацыі, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці.

Hавiны
Ад лячэння да пошуку новай працы. Спіс ініцыятываў валанцёрскай дапамогі беларусам
2020.09.19 14:54

Таццяна Гацура-Яворская кажа, што існуе шанец, што гэтыя справы будуць разгледзеныя на міжнародным узроўні. Такія злачынствы не маюць тэрміна даўніны.

Ці атрымаецца стварыць асобны трыбунал, як гэта было ў выпадку Югаславіі або Руанды? Адмыслоўцы лічаць гэта малаверагодным. Такія рэчы звычайна ладзяцца з санкцыі Рады Бяспекі ААН, а туды ўваходзяць у тым ліку Расея і Кітай.

«Расея «пакрывае» усё што тут адбываецца. А Менск сябруе з Пекінам. Таму шанцаў мала», – рэзюміруе Таццяна. – «Гэтыя злачынствы абавязкова будуць разгледжаныя, і найбольш правільна, калі яны будуць разглядацца ўнутры краіны. Спадзяемся, што будуць заведзеныя крымінальныя справы пра масавыя парушэнні правоў чалавека».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў