Заява ТБ «Белсат» аб маніторынгу Прэс-клубу Беларусь


З вялікім здзіўленнем і расчараваннем мы азнаёміліся з штоквартальным дакладам маніторынгу СМІ ў Беларусі, падрыхтаваным культурна-асветніцкай установаю «Журналісцкая майстэрня «Прэс-клуб».

Гэты даклад, распрацаваны (паводле звестак Прэс-клубу Беларусь), з улікам крытэраў аб’ектыўнасці і дакладнасці, змяшчае наш канал сярод іншых за беларускімі дзяржаўнымі тэлеканаламі (як і за аддзелам расейскага агенцтва «Sputnik Беларусь»), паставіўшы гэтыя наўпроставыя прылады прапаганды аўтарытарных рэжымаў у адзін шэраг са звычайнымі сродкамі масавай інфармацыі ды такім чынам фактычна прызнаўшы іх як добрасумленных вяшчальнікаў.

Дасюль мы не рэагавалі, разлічваючы на тое, што Прэс-клуб Беларусь заўважыць сваю памылку і зменіць дэфектную, на нашую думку, метадалогію ды склад даследчай групы. Аднак гэтага не адбылося, таму мы робім гэта цяпер. Мы больш не можам маўчаць і ігнараваць праявы маніпуляцыі, якія шкодзяць добраму імю ды іміджу «Белсату» і падрываюць яго высокую пазіцыю ў Беларусі.

Высновы маніторынгу маюць асаблівае значэнне цяпер, калі чарговыя даследаванні дэманструюць дынамічны рост папулярнасці каналу, які, паводле нядаўніх апытанняў, глядзяць 13 % дарослых беларусаў. Як вынікае з даследавання глядацкай аўдыторыі і даверу, існуе дзіўнае разыходжанне паміж ацэнкай і чаканнямі гледачоў тэлеканалу ды ацэнкаю, змешчанаю ў дакладзе маніторынгу Прэс-клубу Беларусь.

Што да самой ацэнкі маніторынгу, то мы мяркуем, што:

1. Супастаўленне ў адным рэйтынгу беларускіх дзяржаўных і незалежных медыяў – гэта памылка, якая патрабуе выпраўлення. Першыя – гэта прапагандысцкія ўстановы, падпарадкаваныя дзяржаўнай адміністрацыі, якая не толькі часова ўплывае на іх, але і вызначае рэдакцыйную лінію. «Белсат» быў, ёсць і будзе каналам, свабодным ад любога палітычнага ўплыву.

2. Таксама памылковае ўжыванне адных і тых жа крытэраў для вывучэння сродкаў масавай інфармацыі цалкам рознага характару ды спецыфікі працы, напрыклад, тэлебачання і інфармацыйных агенцтваў. З фармальных прычынаў яны па-рознаму прэзентуюць інфармацыю. Неабгрунтаваным і супярэчным журналісцкаму майстэрству мы лічым патрабаванне падаваць крыніцу нават шырока вядомай інфармацыі, распаўсюджанай агенцтвамі, практычна ў кожным сказе тэлевізійнага матэрыялу.

3. Маніторынг, як падаецца, не ўлічвае спецыфікі працы журналістаў у аўтарытарнай сістэме, якая абмяжоўвае доступ СМІ да інфармацыі паводле вызначэння. Рэгулярная практыка «Белсату» паказвае, што прадстаўнікі ўладаў паслядоўна і свядома адмаўляюцца размаўляць з журналістамі, спасылаючыся на адсутнасць акрэдытацыі, у якой улады адначасова адмаўляюць.

4. У маніторынгу панятак меркавання змешваецца з абагульненай прэзентацыяй вядомага і відавочнага факту. Напрыклад, «пагаршэнне надворʼя можа знеахвоціць патэнцыйных турыстаў» як прыклад выказвання меркавання журналіста. Калі б ужыць прапанаваны падыход да журналісцкай справы, то цэлае выданне інфармацыйнай праграмы мусіць быць напісанае кароткімі сказамі ў абвесным ладзе – у кожным са спасылкаю на крыніцу.

5. Асноўная памылка ў прынятай метадалогіі заключаецца ў тым, што пры даследаванні і ацэнцы канкрэтных матэрыялаў аўтары маніторынгу не ўлічваюць усяго паслання ў гэтым СМІ: наколькі пададзеная ў ім карціна дня была поўнай і ўтрымлівала ўсе факты, якія гэтага заслугоўваюць, ці некаторыя цалкам апускаюцца, ці пасланне выконвае патрабаванні гэтага сродку масавай інфармацыі, напрыклад, асноўнай інфармацыйнай тэлепраграмы або нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва.

З самога пачатку існавання «Белсату» мы занялі пазіцыю, што клопат пра высокую якасць незалежных СМІ ў Беларусі – гэта пытанне агульнага інтарэсу грамадства. Мы прымаем крытыку і не ўхіляемся ад адказнасці за памылкі, якія імкнёмся выправіць. Аднак мы не можам пагадзіцца з памылковай і шкоднай ацэнкаю нашага каналу ў маніторынгу Прэс-клубу Беларусь.

Агнешка Рамашэўская-Гузы
Дырэктарка – галоўны рэдактар тэлеканалу «Белсат»

Стужка навінаў