Беларускі ПЭН-Цэнтр апублікаваў заяву Рады аб пераследзе аднаго з заснавальнікаў арганізацыі.
«Эсэ «Незалежнасць – гэта…» – знакавы твор для беларускай літаратуры. Тэкст напісаны ў 1990 годзе, і напрыканцы існавання СССР гучаў як голас імкнення да незалежнай дзяржавы. Уладзімір Арлоў зачытаў у судзе тэкст эсэ і таксама падкрэсліў, што, акрамя чытання літаратурнага твора, не рабіў дзеянняў, адзначаных у пратаколе як падставы прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Фактычна пісьменніка Уладзіміра Арлова прыцягнулі да адказнасці за публічнае чытанне мастацкага твора», – гаворыцца ў заяве пісьменніцкай арганізацыі.
8 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску падчас мірнага сходу грамадзянаў у абарону суверэнітэту Беларусі сябра Рады ПЭН-Цэнтра, адзін з заснавальнікаў арганізацыі, пісьменнік Уладзімір Арлоў зачытаў свой літаратурны твор «Незалежнасць – гэта…».
10 студзеня Уладзімір Арлоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пакараны штрафам у Br 540 за ўдзел у гэтай акцыі.
Акрамя заявы ПЭН-Цэнтр апублікаваў эсэ «Незалежнасць – гэта…» на 11 мовах.
За ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі былі аштрафаваныя каля 60 асобаў. А сума штрафаў склала амаль Br 55 000.
Цягам трох содняў ініцыятыва BY_Help сабрала $ 15 000 на аплату штрафаў за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй.
ЮВ belsat.eu