Заўтра Лукашэнка выступіць з пасланнем да народу і парламенту. Статкевіч: ён абвесціць рэферэндум


Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Традыцыйна на падзею ў Авальную залю Дому ўраду запрошаныя высокапастаўленыя чыноўнікі, кіраўнікі найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны, ВНУ, банкаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і СМІ.

Выступленне будзе транслявацца ў прамым эфіры па тэлеканалах «Беларусь 1», «Беларусь 24» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Пачатак у 10.30. Найважнейшыя моманты з выступу belsat.eu будзе публікаваць у рэжыме онлайн.

«Гэта будзе свайго роду квінтэсенцыя і актуалізацыя задач і тэмаў, якія на працягу мінулага года абмяркоўваліся падчас маштабных і знакавых мерапрыемстваў з удзелам прэзідэнта», – распавяла прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Паводле яе, пасланне «будзе ўключаць усе актуальныя пытанні, якія тычацца жыцця беларускага грамадства ў цэлым і кожнага грамадзяніна паасобку».

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч сказаў, што «грамадства звязвае вялікія чаканні з пасланнем прэзідэнта, таму што кіраўнік дзяржавы традыцыйна закранае ў ім тэмы, якія хвалююць кожнага». У тым ліку пытанні занятасці, павышэння даходаў насельніцтва, ліквідацыі нераўнамернасці развіцця рэгіёнаў.

Сярод тэмаў, якія, на думку Мясніковіча, абавязкова прагучаць у пасланні, – удасканаленне інвестыцыйнай палітыкі.

Мікола Статкевіч: «Мы не спынімся праз ніякія пагрозы»

Тым часам апазіцыйны палітык, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч мяркуе, што 24 красавіка падчас сваёй прамовы Лукашэнка абвесціць правядзенне рэферэндуму, а таксама пытанні, якія будуць вынесеныя на галасаванне. Сваім прагнозам Статкевіч падзяліўся ў Facebook.

Паводле яго, Лукашэнка агучыць 24 сакавіка такія пытанні: павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну да 7 гадоў (адлік пойдзе ад рэферэндуму) і скасаванне смяротнага пакарання (Статкевіч мяркуе, што гэта «дымавая заслона», каб прыхаваць пытанне пра прэзідэнцкі тэрмін).

«Беларускі Нацыянальны Кангрэс папярэджвае, што будзе разглядаць чарговы «рэферэндум« па змене Канстытуцыі, мэта якога – пажыццёвая ўлада дзейнага кіраўніка краіны, як дзяржаўнае злачынства, да прадухілення якога мы будзем заклікаць усё грамадства, падымаць увесь народ, – піша Статкевіч. – І мы не спынімся ў гэтым ні праз якія пагрозы, бо пажыццёвая ўлада чалавека, які трымае краіну ў палітычным і эканамічным застоі, гэта наўпроставая пагроза жыццю Беларусі».

Раней размовы пра рэферэндум вяліся ва ўладных колах. Магчымасць яго правядзення адзначалі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Пры гэтым афіцыйна магчымыя заявы Лукашэнкі наконт рэферэндуму не анансаваліся.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў