Рэферэндум за 70 дзён і на «пазабюджэтныя сродкі». Навошта гэта патрэбна Лукашэнку?


Лідзія Ярмошына заявіла пра магчымае правядзенне рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю. Пры гэтым рэферэндум можа быць падрыхтаваны за 70 дзён і праведзены на «пазабюджэтныя сродкі». Навошта гэта спатрэбілася цяпер кіраўніцтву краіны?

Кіраўнічка ЦВК не распавяла, аб якіх магчымых зменах у Канстытуцыю ідзе гаворка, але ўдакладніла, што займацца пытаннем будзе ў асноўным Канстытуцыйны суд, а Цэнтральная выбарчая камісія будзе рыхтаваць уласна рэферэндум, так як большасць раздзелаў Канстытуцыі можа быць зменена толькі на рэферэндуме.

Паводле яе словаў, тэхнічна правядзенне праблемы не складае, рэферэндум можна арганізаваць за 70 дзён. Пры гэтым пройдзе ён за пазабюджэтныя сродкі – «на рахунак ЦВК будуць пераводзіць сродкі прадпрыемствы і фізічныя асобы». Як сцвярджае Ярмошына, сума для гэтага патрэбная ў 3-4 разы меншая, чым на правядзенне выбараў, паколькі пойдуць толькі на друк улётак і працу выбарчых камісій на працягу тыдня.

Пытанне, адбудзецца рэферэндум у 2019 ці ў 2020 годзе, Ярмошына паабяцала «паставіць восенню».

«Наконт рэферэндуму пакуль няма яснасці, намёкі ўлада рабіла і раней. Магчыма, цяпер анансавалі рэферэндум, каб намацаць глебу, атрымаць уяўленне аб рэакцыі грамадства, сацсетак», – мяркуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

На думку эксперта, рэферэндум па зменах у Канстытуцыю можа не супасці па часе ні з парламенцкімі выбарамі ў 2019 годзе, ні з прэзідэнцкімі ў 2020-м. Пакуль што ўлады хаваюць, якія пытанні будуць вынесеныя на галасаванне, афіцыйна пра парадак дня будучага рэферэндуму не паведамлялася.

«Што тычыцца фінансавання з пазабюджэтных сродкаў, то гэта дзіўная практыка, не прадугледжаная беларускім заканадаўствам. Калі ўлады абавяжуць дзяржаўныя прадпрыемствы выдаткаваць грошы на палітычную кампанію, гэта ўсё адно будуць грошы народныя. Магчыма, кажучы пра «пазабюджэтныя сродкі», Ярмошына хацела неяк супакоіць людзей, што рэферэндум прафінансуюць не з іхнай кішэні», – гаворыць Карбалевіч.

Кандыдат гістарычных навук, даследчык найноўшай гісторыі Беларусі Аляксандр Кур’яновіч лічыць, што Лукашэнка новым рэферэндумам «хоча замацаваць свае дасягненні і адзначыць круглую дату знаходжання ва ўладзе. У 2019 годзе будзе 25 гадоў, як ён кіруе краінай. Юбілей, можна сказаць. Цэлая эпоха як у жыцці як чалавека, так і краіны».

Курʼяновіч таксама прагназуе галасаванне па падаўжэнні прэзідэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў.

«Фармулёўку юрыдычную знойдуць. Лукашэнка не любіць адступаць, любое паслабленне ён лічыць сваёй няўдачай», – кажа гісторык.

Нагадаем, у 2016 годзе партыя ЛДП прапанавала правесці рэферэндум аб унясенні зменаў у Канстытуцыю, на які было б вынесенае пытанне аб павелічэнні тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў абедзвюх палат парламента і мясцовых саветаў з 4 да 5 гадоў, і павелічэнні тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта да 7 гадоў. Аднак тады Лідзія Ярмошына заявіла, што ЦВК ніякіх даручэнняў на гэты конт не атрымлівала.

15 сакавіка 2018 года гэтае пытанне на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда закрануў і Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што «патрэбныя напрацоўкі».

«А раптам жыццё перад намі паставіць пытанне, можа быць, ня рубам, але складзецца сітуацыя, што трэба хутка, на працягу года, выдаць на-гара новую Канстытуцыю, пакласці народу на стол – галасуйце (я прыхільнік толькі ўсенароднага рэферэндуму), а ў нас напрацовак не будзе», – заявіў тады Лукашэнка.

***

Першы рэферэндум у суверэннай Беларусі адбыўся ў 1995 годзе. Па выніках замест гербу «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцягу была прынятая актуальная дзяржаўная сімволіка, расейская мова набыла статус дзяржаўнай, а Лукашэнка атрымаў права на датэрміновы роспуск парламенту. Вярхоўны Савет 12-га склікання быў разагнаны.

24 лістапада 1996 года ў выніку другога рэферэндуму была змененая Канстытуцыя, а Дзень Незалежнасці прызначаны на 3 ліпеня.

17 кастрычніка 2004 года рэферэндум супаў з парламенцкімі выбарамі. Прэзідэнцкія паўнамоцтвы былі пашыраныя, а тэрмін павялічаны да 5 гадоў. Рэферэндум даў магчымасць Лукашэнку абрацца ў трэці раз у 2006 годзе.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў