«Замест гуляйполя зласлоўя – камфортнае інтэрнэт-асяроддзе», – Карлюкевіч пра новы законапраект аб СМІ


Аляксандр Карлюкевіч, фота mininform.gov.by

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч у інтэрв’ю газеце «СБ. Беларусь сегодня» пракаментаваў змены ў закон аб СМІ і заявіў, што працэдура ідэнтыфікацыі інтэрнэт-карыстальнікаў абараняе ўладальніка рэсурсу.

«Няўжо незразумела, што працэдура ідэнтыфікацыі абараняе ў першую чаргу ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу, які рызыкуе быць прыцягнутым да адказнасці за размяшчэнне на яго старонцы паклёпу ці іншай супрацьзаконнай інфармацыі?» – сказаў Карлюкевіч.

Што датычыцца засцярог, што ідэнтыфікацыя можа прывесці да масавага разгалашэння асабістых дадзеных карыстальнікаў, Карлюкевіч адзначыў, што ў законапраекце дакладна пазначана: механізм рэалізацыі гэтай нормы яшчэ не распрацаваны, яго будзе вызначаць Савет Міністраў.

«Не варта верыць дурным пужалкам, быццам у профілі карыстальніка апынуцца яго пашпартныя дадзеныя з указаннем адраса і групы крыві. Хутчэй за ўсё, там застанецца звыклы сеткавы псеўданім. Аднак уладальніку рэсурсу будзе вядомы дадзены каментатар, і будзе не складана яго распазнаць, калі ён пачне размяшчаць сумнеўныя матэрыялы або абражаць іншых людзей».

Карлюкевіч распавёў, што ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў патрабавалі прыраўнаваць іх супрацоўнікаў да журналістаў традыцыйных СМІ.

«Яны галасней за ўсіх гаварылі аб неабходнасці абароны і развіцця беларускай медыярынку, аб патрэбе ва ўласных, а не запазычаных тэлепраграмах. У праекце ўлічаны і гэтыя пажаданні. Плануюцца захады па абмежаванні замежнага ўдзелу ў фармаванні нацыянальнай інфармацыйнай прасторы і патрабаванні аб абʼёме беларускага тэлевізійнага кантэнту».

Выказаўся міністр і наконт крытыкі новага законапраекту.

«Не малая частка новаўвядзенняў прысвечана абароне дзяцей ад негатыўнага ўплыву інтэрнэту і незаконнага распаўсюджвання іх асабістых дадзеных. Асобна прапісана забарона інфармацыі, якая прапагандуе самагубства і якая заахвочвае да яго. Няўжо гэта таксама «наступ на свабоду слова» і «закручванне гаек», пра якія цвердзяць некаторыя каментатары? Або забылася горкая гісторыя пра «Сініх кітоў»? У сеціве, напэўна, засталося нямала нягоднікаў, якія не прамінуць нагадаць».

Карлюкевіч дадаў, што законапраект, які цяпер абмяркоўваецца, «грунтуецца на сусветным досведзе» і «абяцае роўныя ўмовы працы для ўсіх журналістаў».

«Замест гуляйполя зласлоўя мы атрымаем камфортнае інтэрнэт-асяроддзе, абароненае законам», – рэзюмаваў ён.

Нагадаем, Палата прадстаўнікоў можа разгледзіць папраўкі да закону аб СМІ ужо 19 красавіка. Паводле законапраекту, плануецца ўвесці абавязковую ідэнтыфікацыю інтэрнэт-карыстальнікаў, у тым ліку каментатараў на форумах. Адсутнасць мадэрацыі рэсурсу можа прывесці да яго блакавання, гэта тычыцца і асобных сацыяльных сетак.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары