У Маладзечне распачатая крымінальная справа за тое, што некалькі чалавек аказалі супраціў АМАПу. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале распавяла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Паводле яе, супрацоўнікі крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС выявілі дваіх мясцовых жыхароў, якія аказалі супраціў АМАПу 19 чэрвеня падчас акцыі салідарнасці ў райцэнтры. Мужчыны прызнаныя падазраванымі ў крымінальнай справе за супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў, спалучаны з гвалтам.
Аднаму з затрыманых 24 гады, ён не прыцягваўся ні да якой адказнасці. Другому – 31 год. У яго ёсць шэраг адміністрацыйных спагнанняў.
Паводле МУС, увечары 19 чэрвеня падазраваныя напалі на супрацоўнікаў АМАПу, «калі тыя ахоўвалі грамадскі парадак у Маладзечна і затрымлівалі 25-гадовага жыхара райцэнтра за адміністрацыйныя правапарушэнні (той зладзіў правакацыю падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і не падпарадкаваўся законнаму патрабаванню міліцыянта спыніць супрацьпраўныя дзеянні)».
«Маладыя людзі схапілі амапаўцаў за шыю і павалілі на зямлю. Пры гэтым адзін з іх паспрабаваў ударыць супрацоўніка нагой», – паведаміла Вольга Чамаданава.
Зараз праваахоўныя органы выяўляюць іншых удзельнікаў канфлікту і высвятляюць усе акалічнасці здарэння.
Нагадаем, падчас акцыі салідарнасці ў Маладзечна 19 чэрвеня пры спробе затрымаць аднаго з удзельнікаў адбылася штурханіна з АМАПам. Відэа інцыдэнту трапіла ў сацыяльныя сеткі.
МГ belsat.eu