За сутычкі з АМАПам затрымалі чатырох чалавек

Следчы камітэт Беларусі ў сваім тэлеграм-канале распавёў падрабязнасці расследавання крымінальнай справы аб парушэнні грамадскага парадку.

СК заявіў пра неаднаразовыя факты ўжывання гвалту падчас перадвыбарчых пратэстаў 14 ліпеня ў дачыненні да супрацоўнікаў АМАП, «якім у выніку супрацьпраўных дзеянняў былі нанесены траўмы рознай ступені цяжкасці». Некаторыя з амапаўцаў, паводле ведамства, дагэтуль знаходзяцца на лячэнні ва ўстанове аховы здароўя.

МУС: 14 ліпеня падчас несанкцыянаванай акцыі пацярпелі супрацоўнікі АМАП

За гэта распачатыя крымінальныя справы паводле ст.363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і арт.364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) КК. Затрыманыя чацвёра мужчынаў. Сілавікі працягваюць выяўляць іншых падазраваных.

Таксама затрыманых вінавацяць паводле арт. 342 КК у арганізацыі і актыўным удзеле 14 ліпеня ў Менску групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

СК распачаў крымінальную справу па факце парушэння грамадскага парадку

Раней УСК па Менску распачало крымінальную справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Падставай для гэтага паслужыла арганізацыя і актыўны ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Менску, звязаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.

А міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з адмысловай заявай з нагоды масавых затрыманняў у Беларусі 14 ліпеня.

Amnesty International пра падзеі ў Беларусі: Любы, хто затрыманы за мірныя пратэсты, з’яўляецца вязнем сумлення

Старэйшы кіраўнік кампаніяў Amnesty International па Беларусі Аіша Джанк заявіла, што людзі, якія сабраліся, каб асудзіць неўключэнне апазіцыйных палітыкаў у спіс кандыдатаў у прэзідэнты, «мелі поўнае права выйсці на вуліцы», а «міліцыя імкнулася разагнаць мірныя сходы, звяртаючыся да празмернага і непатрэбнага ўжывання сілы, у шматлікіх выпадках былі задзейнічаны працаўнікі міліцыі ў цывільным».

МГ belsat.eu

Hавiны