За надпісы на ходніках у Менску судзілі тых, хто аддаў даніну памяці Тарайкоўскаму


Суд Фрунзенскага раёну Менску.
Фота: belsat.eu

Працэсы за надпіс «Не забудзем» прайшлі сёння ў Фрунзенскім судзе.

Пяцярых людзей абвінавачваюць па двух артыкулам Крымінальнага кодэксу – ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 218. (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанні маёмасці ў буйным памеры). Пацярпелым па справах прызнаны «Гаррамаўтадар Менгарвыканкаму». Памер першапачатковай шкоды, якую нібыта нанеслі надпісы, ён паменшыў амаль у 40 разоў ад першапачатковай сумы.

«Гэта дакладна не крымінальная справа»

На першым паседжанні судзілі дваіх людзей: 25-гадовую Марыю Бабовіч і 26-гадовага Максіма Паўлюшчыка за «цынічны надпіс» на месцы народнага мемарыяла Аляксандру Тарайкоўскаму.

У судзе Паўлюшчык заявіў, што сваякі ўжо выплацілі суму нанесенай ім шкоды. Адвакат Бабовіч таксама прадставіў касавы чэк аб кампенсацыі выдаткаў.

Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч.
Фота: Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч / vk.com

Максім распавёў, што ў той вечар, 9 верасня, убачыў каля метро кампанію незнаёмых людзей і вырашыў да іх падысці. Яны пагутарылі і распавялі, што ідуць маляваць. У кампаніі знаходзілася і Марыя. З сабой у іх была пэндзлік і дзве банкі фарбы: адна блакітная, а другую нават не адчынялі. Як будаўнік Максім вызначыў, што гэта была водаэмульсійная фарба, і сказаў у судзе, што «калі б прайшлі два добрыя дажджы, то гэтага надпісу ўжо б не было».

«Першую літару намалявала менавіта Марыя, усяго яна напісала чатыры літары «Не за…». Потым я папрасіў у яе пэндзлік і дапісаў працяг слова «…буду». Першапачаткова надпіс быў «Не забудзем», але я напісаў менавіта «Не забуду», каб ён нікога не абразіў», – распавёў Максім.

Маладыя людзі засталіся адны, калі заўважылі, што да іх падышлі трое супрацоўнікаў міліцыі. Міліцыянты запыталі, што яны тут робяць.

«У Марыі на руках была фарба, у мяне на абутку. Мы вырашылі, што застаемся на месцы. Уцякаць сэнсу не было, ды і па камерах рана ці позна нас знойдуць. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што мы затрыманыя і хутка прыедзе машына. Мы проста стаялі і чакалі», – сказаў Максім.

Суд Фрунзенскага раёну Менску.
Фота: belsat.eu

Ён дадаў, што насуперак паказанням сведкі затрымання ён быў цвярозы і не думаў, што за гэтыя дзеянні можа быць такая адказнасць. На судзе хлопец раскаяўся і не змог патлумачыць, чаму ён гэта зрабіў, але дадаў, што «хацеў ушанаваць памяць пра чалавека».

«Тое, што адбываецца ў краіне я лічу няправільным», – сказаў абвінавачаны. У бацькоў Максіма другая група інваліднасці і на сёмым месяцы цяжарнасці знаходзіцца нявеста. 15 лістапада яны павінны былі згуляць вяселле.

Марыя пацвердзіла паказанні Паўлюшчыка і заявіла, што не ўтойвалася ад супрацоўнікаў міліцыяй ды сама праехала ў РУУС.

«Я думала, што за гэта максімум можа быць штраф, але гэта дакладна не крымінальная справа. Усё гэта было зроблена не з хуліганскіх меркаванняў, а каб ушанаваць памяць забітага Тарайкоўскага», – адказала Марыя.

На судзе адвакат зачытаў заключэнне аб «цынічнасці надпісу». Лінгвіст і прафесар Лукашэвіч падкрэсліў, што надпіс «Не забудзем» не ўтрымлівае цынічнасці ці абразы пачуццяў грамадзянаў і не нясе ў сабе маральнай шкоды.

«Гэты выраз адносіцца да нейтральнай лексікі расейскай мовы», – заявіў адвакат. Аднак суд адхіліў далучэнне гэтых матэрыялаў да справы.

«Чалавек загінуў, а крымінальную справу не пачалі»

На другім судовым паседжанні разглядаліся справы Дзяніса Граханава, Ігара Самусенкі і Уладзіслава Гуліса. Усім ім выставілі абвінавачванне за аднаўленне надпісу «Не забудзем». Трое адвакатаў падсудных заявілі хадайніцтва аб змяненні меры стрымання, але суддзя іх не задаволіла.

У цэнтры — палітвязень Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс.
Фота: spring96.org

Сёння паказанні паспеў даць толькі Граханаў.

«Чалавек загінуў, а крымінальную справу не пачалі, і гэта мяне, як і многіх людзей, абурыла», – сказаў ён.

Дзяніс заявіў, што хацеў аддаць даніну памяці і выказаць смутак па загінулым Тарайкоўскім і ягонай сям’і. Паводле яго, надпіс нікога не зневажае, тысячы кветак, прынесеных на тое месца, сведчаць пра гэта. Граханаў сказаў, што не было думкі, што надпіс можа папсаваць плітку, плітка не была разбураная. Калі ён пазней прыехаў на гэтае месца, то ягоны надпіс фактычна быў сцёрты, бо «літары былі тоненькія і фарба рэдзенькая». Абвінавачаны дадаў, што на плітцы ходніка ёсць разметка роварнай дарожкі, якую зрабілі дарожныя службы.

Па выніках судовых працэсаў суддзі абодвух спраў зрабілі перапынак да 2 і 3 снежня адпаведна.

  • Нагадаем, што Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты 10 жніўня. Ёсць некалькі відэа, якія сведчаць, што гэта маглі зрабіць прадстаўнікі сілавых ведамстваў.
  • Крымінальную справу за забойства дагэтуль не пачалі.

АД belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Стужка навінаў