Недахоп грошаў і адсутнасць працы на сяле ўсё часцей прымушае вяртацца беларусаў да «маці-зямлі» і «бацькі-лесу».
Чарніцы сельскія жыхары ды госці з гораду сёлета ў беларускіх лясах назбіралі і паздавалі ўжо ўволю. А вось паляванне на лісічкі ды іншыя дзікарослыя грыбы яшчэ працягваецца і нават набірае абароты.
На пачатку сезону кілаграм свежых лісічак у скупшчыкаў каштаваў прыкладна 6 рублёў. Цяпер кошты знізіліся да 4 руб. Тым не менш, для людзей з вёскі, у якіх у апошні час заробкі складаюць ад 100 да 350 рублёў, да таго ж выплата якіх у калгасах і саўгасах часта затрымліваецца, гэта сапраўдны шанец зарабіць.
Не ўсім пашанцавала. На поўдні і ўсходзе Беларусі праз засушлівае надвор’е грыбоў сёлета зусім няшмат. А вось на поўначы, захадзе і ў цэнтральнай частцы краіны і цяпер працягваецца актыўны збор.
Жыхары вёсак добра ведаюць мясцовыя лясы і грыбныя мясціны ад сваіх бацькоў, таму некаторыя за два-тры дні ўмудраюцца здаць свежых лісічак нават на 70-100 рублёў. Гэтак адна з былых жыхарак выміраючай вёскі Адраджэнне Магілёўскага раёну пахвалілася карэспандэнту «Белсату» поспехамі сваёй сяброўкі: «Валя ў гэтым сезоне ўжо назбірала на больш за 12 мільёнаў. Яна ходзіць у вялікі лес амаль што на ўвесь дзень, куды іншыя хадзіць баяцца, і ведае добра грыбны мясціны».
Скупшчык грыбоў Сяргей распавядае, што праз мізэрныя заробкі, якія да таго ж затрымліваюць, некаторыя людзі нават звальняюцца з заводаў каб збіраць і здаваць грыбы.
На пытанне «Чаму купляеце менавіта лісічку?» скупшчык адказаў, што ня ўсе беларусы разумеюць сапраўдную каштоўнасць гэтага грыба, а вось на Захадзе аб гэтым добра ведаюць. Гэтыя грыбы выкарыстоўваюць для вытворчасці лекаў, яны карысныя пры гепатытах, тлушчавым перараджэнні печані, гэта – адна з найлепшых раслінных крыніцаў вітаміну D2 ды змяшчае 8 незаменных аминакіслотаў, вітаміны А, B1, PP ды мікраэлементы.
Праз попыт на беларускую лісічку на Захадзе, у Беларусі ўтварыўся цэлы ланцуг пасярэднікаў. Ён пачынаецца з мізэрных у параўнанні з еўрапейскімі коштамі на лісічку выплатамі беларускім зборшчыкам. Затым дробнааптовыя скупшчыкі атрымліваюць больш грошаў за здачу грыба ад буйных супольных прадпрыемстваў, якія адразу вязуць свежыя ды сушаныя грыбы і ягады з Беларусі ў Нямеччыну і Швейцарыю. Там дробную і прыгажэйшую свежую лісічку перапрадаюць у прыгожых драўляных кошыках у прадуктовых крамах па зусім небеларускіх коштах. Рэшта ідзе на на выраб лекаў.
Мікалай з вёскі Адраджэнне Магілёўскага раёну раней штогод хадзіў збіраць на адно і тое ж месца каля балота апенькі, але сёлета тут зарганізавалі вырубку яліны на продаж. Балота высахла, а апенькі перасталі расці. Мікалай непакоіцца таксама раннім (ад 3-га верасня) дазволам на збор журавінаў. Жадаючы як хутчэй зарабіць беларусы ўжо пачалі збіраць і здаваць часта зялёную, зусім няспелую ягаду…
Глядзіце ўсе фота:
Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu
Фота аўтара